«Было задзейнічана звыш 20 паветраных суднаў. У раёне палігону скінута каля 50 авіяцыйных бомбаў, выпушчана 130 некіраваных авіяцыйных ракетаў і 850 снарадаў калібру 30 мілімэтраў. Усе мішэні зьнішчаныя», — спасылаецца «Інтэрфакс» на абароннае ведамства.
Паводле задумы вучэньняў у раёне Ружанаў, выведка зафіксавала групоўку ўмоўнага праціўніка, у тым ліку аэрадром з авіякомплексамі. Беларускія зьнішчальнікі Су-30СМ узялі пад кантроль паветраную прастору, а іх расейскія калегі нанесьлі ўдары па пазыцыях з ужываньнем авіяцыйных сродкаў паражэньня.
Тым часам Аляксандар Лукашэнка ў рангу «галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі» у гэты час наведаў агульнавайсковы палігон Обуз-Лясноўскі пад Баранавічамі, дзе пазнаёміўся з новымі ўзорамі вайсковай тэхнікі.
Маштабныя сумесныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2021» праходзяць 10-16 верасьня на дзевяці палігонах на тэрыторыі Расеі, а таксама на пяці палігонах у Беларусі.
Агулам у манэўрах задзейнічаныя да 200 тысяч чалавек асабовага складу, каля 100 самалётаў і верталётаў, да 760 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку 290 танкаў, 240 гарматаў, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню і мінамётаў.