Гэтую заяву міністра абароны Літвы Арвідаса Анушаўскаса прыводзіць БелаПАН са спасылкай на інфармагенцтва BNS.
На наступным тыдні, у апошнія дні актыўнай фазы вучэньняў, зь літоўскага боку павінна быць два ці тры чалавекі, якія будуць прадстаўляць Літву і назіраць за вучэньнямі знутры, — заявіў міністар.
Разам з тым ён дадаў, што назіральнікам, якія ўдзельнічаюць у дэманстрацыйных этапах вучэньняў, падаюць толькі афіцыйныя сцэнары. «Таму мы павінны сабраць усю інфармацыю з дапамогай іншых крыніцаў, разьведкі, каб убачыць рэальную карціну», — сказаў Анушаўскас.
Паводле ягоных слоў, характар маштабных беларуска-расейскіх вучэньняў захоўвае «некаторую агрэсію». Ён падкрэсьліў, што Літва гатовая да розных сцэнараў разьвіцьця падзей, але «ў дадзены момант няма падставаў гаварыць пра напад на краіны NATO пад выглядам вучэньняў», — дадаў міністар абароны Літвы.
Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што «Рэспубліка Беларусь у ініцыятыўным парадку запрасіла для ўдзелу ў назіраньні за актыўнай фазай вучэньняў прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў, а таксама вайскова-дыпляматычнага корпусу замежных краінаў, акрэдытаваных пры амбасадах сваіх краінаў у Рэспубліцы Беларусь».
- Вучэньні «Захад-2021» пройдуць 10–16 верасьня на чатырох беларускіх палігонах (230-ы агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі, 174-ы навучальны палігон ВПС і войскаў СПА Даманаўскі, 210-ы авіяпалігон Ружанскі, Берасьцейскі палігон) і на дзевяці расейскіх палігонах.
- Да часткі вучэньняў, якія заплянавана правесьці на тэрыторыі Беларусі, прыцягнута каля 12,8 тысячы чалавек, у тым ліку каля 2,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх.
- Да 30 верасьня вайсковыя часткі і падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў РФ, якія бяруць удзел у вучэньнях у Беларусі, пакінуць тэрыторыю краіны.