Новы афганскі ўрад, створаны талібамі, нелегітымны. З такой заявай на прэс-канфэрэнцыі ў Душанбэ выступіў амбасадар Афганістану ў Таджыкістане Махамад Захір Акбар.
Дыплямат адзначыў, што прадстаўляе ў Таджыкістане віцэ-прэзыдэнта Афганістану Амрулу Салеха. Пасьля таго як прэзыдэнт Ашраф Гані ўцёк з Кабула, Салех згодна з Канстытуцыяй выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы. Па словах Акбара, Салех знаходзіцца ў Панджшэры, рэгіёне, які апошнім апынуўся пад уладай талібаў. Узяць рэгіён «Талібан» змог, накіраваўшы войскі зь іншых правінцый і пры падтрымцы Пакістану, сказаў амбасадар.
Акбар удакладніў, што Амрула Салех і лідэр Фронту нацыянальнага супраціву Ахмад Масуд не пакідалі Афганістан і займаюцца ў Панджшэры стварэньнем ураду Ісламскай Рэспублікі Афганістан.
7 верасьня талібы, якія захапілі ўладу ў Афганістане, абвясьцілі склад новага ўраду. Амаль усе ключавыя міністэрствы разьмеркаваныя паміж прадстаўнікамі руху. Найвышэйшым кіраўніком дзяржавы абвешчаны 60-гадовы кіраўнік руху Хайбатула Ахундзада. Выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду названы мула Махамад Хасан Ахунд. Міністрам выведкі стаў Абдул Хак Васік, які 12 гадоў адбыў пад арыштам у амэрыканскай турме ў Гуантанама на Кубе.
Краіны Захаду не прызнаюць талібаў законным урадам Афганістану.
- У сярэдзіне жніўня талібы ў ходзе імклівага наступу ўзялі пад кантроль амаль усю тэрыторыю Афганістану, бяз бою захапіўшы сталіцу і найбуйнейшы горад — Кабул. Да гэтага моманту радыкалы вялі з уладамі краіны перамовы аб стварэньні кааліцыйнага ўраду. Пасьля захопу ўлады прадстаўнікі руху заявілі, што ня маюць патрэбы ў кааліцыях і сфармуюць урад самастойна. Афганістан абвешчаны Ісламскім эміратам, сьвецкая ўлада ў якім будзе знаходзіцца пад рэлігійным кантролем.
- З 1996 па 2001 год талібы ўжо былі фактычнымі кіраўнікамі краіны і абвяшчалі яе Ісламскім эміратам. Тады іх урад фармальна прызнавалі толькі тры дзяржавы — Пакістан, Саудаўская Арабія і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты. За час праўленьня «Талібану» ў Афганістане асабліва сурʼёзна былі абмежаваныя правы жанчын і дзяўчат.