Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы абвясьцілі свайго лідэра новым кіраўніком Афганістану


Хайбатула Ахундзада
Хайбатула Ахундзада

Радыкальны рух «Талібан» абвясьціў склад новага ўраду Афганістану. Вышэйшым кіраўніком дзяржавы абвешчаны 60-гадовы лідэр руху Хайбатула Ахундзада, — перадае пакістанская газэта Dawn.

Выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду названы мула Махамад Хасан Ахунд. Да гэтага моманту ён узначальваў Шуру (раду кіраўніцтва) радыкальнага руху. Амаль усе ключавыя міністэрствы разьмеркаваныя паміж прадстаўнікамі талібаў.

У прыватнасьці, міністрам выведкі стаў Абдул Хак Васік, які 12 гадоў знаходзіўся пад арыштам у амэрыканскай турме ў Гуантанама на Кубе. Кіраўніком МУС абвешчаны сын заснавальніка праталібскай групоўкі «Сетка Хакані» Сіраджудын Хакані (гэтую арганізацыю ўлады ЗША прызналі тэрарыстычнай). Міністрам абароны — сын заснавальніка «Талібану» Мухамад Якуб Муджахід. Міністрам эканомікі абвешчаны былы міністар замежных спраў краіны Махамад Ханіф Атмар.

У сярэдзіне жніўня талібы імкліва ўзялі пад кантроль усю тэрыторыю Афганістану, бяз бою захапіўшы сталіцу і найбуйнейшы горад Кабул. Да таго моманту радыкалы вялі з уладамі краіны перамовы аб стварэньні кааліцыйнага ўраду.

Пасьля захопу ўлады прадстаўнікі руху заявілі, што ня маюць патрэбы ў кааліцыях і сфармуюць урад самастойна. Афганістан абвешчаны ісламскім эміратам, сьвецкая ўлада ў якім будзе пад рэлігійным кантролем.

  • Краіны Захаду не прызнаюць талібаў законным урадам Афганістану. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 6 верасьня, што руху трэба прайсьці доўгі шлях, калі ён хоча міжнароднага прызнаньня, — перадае Афганская служба Радыё Свабода.
  • З 1996 па 2001 год талібы ўжо былі фактычнымі кіраўнікамі краіны і абвяшчалі яе ісламскім эміратам. Тады іхны ўрад фармальна прызнавалі толькі тры дзяржавы — Пакістан, Саудаўская Арабія і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG