Некалькі дзён таму ў Горадню прыбылі падразьдзяленьні зэнітна-ракетных войскаў РФ. А неўзабаве на аэрадром Баранавічаў прыбудуць самалёты Су-30СМ вайскова-касьмічных сілаў Расеі.
Мэта — стварэньне сумеснага беларуска-расейскага вучэбнага цэнтру.
Робіцца гэта ў адпаведнасьці з рашэньнем міністраў абароны Беларусі і Расеі, прынятым у сакавіку. Ну, а перад гэтым, ясная рэч, была дамоўленасьць Лукашэнкі з Пуціным.
Ці (назавем зьяву сваім імем) — патрабаваньне Пуціна.
Вось гэтае вызначэньне — «вучэбны» — не павінна вас уводзіць у зман. Самалёты будуць не з фанэры. І ракеты сыстэмы «паветра-паветра», па шэсьць штук на кожным СУ, агульная вага боекамплекту да 4 тонаў — будуць не бутафорскія, не з пап’е-машэ.
Мы маглі б цяпер шмат разважаць пра тое, як вайсковая прысутнасьць Расеі паўплывае на імідж Беларусі ў вачах дэмакратычнага Захаду, які і раней успрымаў Беларусь як ваенны фарпост Масквы. Хаця — што значыць успрымаў? Лукашэнка сам гэтак называе сваю краіну: «фарпост Расеі».
А цяпер не пра іміджавыя страты, а пра практычны вынік.
Расейскіх вайскоўцаў у Горадні сустрэлі хлебам з сольлю.
А вось у штабах стратэгічнага плянаваньня NATO месцы, дзе разьмесьцяцца расейскія госьці, будуць пазначаныя як мішэні для нанясеньня ўдару.
І магчыма, што — ядзернага.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.