«Кібэрпартызаны» апублікавалі новы «зьліў» размоваў афіцэраў МУС у жніўні 2020 году. 17 жніўня па ўнутранай сувязі, як сьцьвярджаюць «Кібэрпартызаны», размаўлялі намесьнік начальніка ГАУС Менгарвыканкаму Ігар П. і першы намесьнік начальніка УУС Менаблвыканкаму Віталь К.
Сілавікі ў размове дзяліліся страхамі ад выступаў і каардынацыі людзей на вуліцах, аднак пры гэтым абмяркоўвалі магчымыя перамовы зь імі, каб «зацягнуць канфлікт» і ўрэшце вырашыць яго на карысьць уладаў. Ігар П. прызнаўся, што выходзіў да вады, каб псыхалягічна адпачыць ад штодзённага стрэсу.
Асобна ў гутарцы міліцыянты абмяркоўвалі выступы на Менскім заводзе колавых цягачоў. У той дзень Аляксандра Лукашэнку гучна прапанавалі ісьці прэч, ён прыляцеў на прадпрыемства на верталёце. Па словах Ігара П., Лукашэнку ўдалося перамагчы рабочых у спрэчках. Паміж сабой сілавікі некалькі разоў назвалі яго «бацькам».
Таксама са зьлітай размовы можна пачуць, што сілавікі былі абураныя дэмаршам работнікаў дзяржаўных тэлеканалаў, якія ў грубай форме адмаўляліся паказваць прапаганду. Іх міліцыянты абвінавацілі ў тым, што тыя недзе «атрымалі грошы», а самую галоўную заклапочанасьць выклікала звальненьне зь Белтэлерадыёкампаніі тэхнічных супрацоўнікаў.
Літаральна кожны сказ размовы сілавікоў Ігара П. і Віталя К. суправаджаецца нецэнзурнай лексыкай, адзін зь іх пад канец тэлефанаваньня кажа, што «час усё расставіць». Разам з гэтым яны прызнаюць, што інфармацыйную прастору ўлады цалкам прайгралі сваім апанэнтам, таму трэба «ўкінуць хоць нешта». Адзін зь сілавікоў парадаваўся, што праціўнікі Лукашэнкі «ня маюць лідэра», таму зь імі, на яго думку, будзе лягчэй.
Хто такія «Кібэрпартызаны»?
«Кібэрпартызаны» — група хакераў, якая ўтварылася ў другой палове 2020 году. За гэты час ім удалося ўзламаць шэраг сайтаў, пашпартную сыстэму Беларусі, здабыць з розных крыніц інфармацыю з кадастру пра маёмасьць Лукашэнкі і яго атачэньня, пэрсанальныя зьвесткі супрацоўнікаў КДБ і МУС і шэраг іншага. Група прызналася, што для некаторых узломаў яе людзі пранікалі на «аб’екты рэжыму», каб адкрываць доступ да засакрэчаных базаў.
Улетку 2021 году «Кібэрпартызаны» паведамілі, што ўзламалі базу з запісамі тэлефонаў. Выявілася, што спэцслужбы слухалі тэлефоны афіцэраў і захоўвалі гэтую інфармацыю. Згодна са словамі хакераў, яны дасталі велізарны аб’ём інфармацыі, зь якой апрацаваны і апублікаваны толькі невялікі адсотак. Зь яе дапамогай, у прыватнасьці, яны спадзяюцца праліць больш сьвятла на гібель Генадзя Шутава ад рук сілавіка ў Берасьці.
У канцы ліпеня «Кібэрпартызаны» анансавалі шматузроўневую спэцапэрацыю «Жара». Яны ўзламалі шэраг базаў дадзеных МУС, атрымалі доступ да базаў «АІС пашпарт», службы 102 (экстраныя званкі ў міліцыю), упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэру зь відэазапісамі дронаў МУС.
У папярэдніх апублікаваных зьлівах чуваць, што многія сілавікі давалі канкрэтныя загады біць і катаваць пратэстоўцаў, кідаць іх у экстрэмальныя ўмовы зьняволеньня і там працягваць зьдзекі.
Дзейнасьць хакераў вельмі занепакоіла Лукашэнку, і роўна праз год пасьля мітынгу на МЗКЦ, калі ў руках узломшчыкаў былі пэрсанальныя зьвесткі і інфармацыя пра маёмасьць чыноўнікаў, сілавікоў, праўладных журналістаў і самога Лукашэнкі, ён запатрабаваў узмацніць інфармацыйную бясьпеку і пры патрэбе нават вярнуцца да папяровых носьбітаў інфармацыі.