У паведамленьні ў Твітэры кіраўніца Эўрапейскай камісіі Ўрсуля фон дэр Ляен напісала, што на дадзены момант у дзяржавах-сябрах ЭЗ прышчэпленыя больш за 250 мільёнаў чалавек. Яна назвала гэта «значным дасягненьнем». «Але мы павінны працягваць рухацца наперад. Нам неабходна вакцынаваць яшчэ больш эўрапейцаў», — падкрэсьліла фон дэр Ляен.
Яна таксама зьвярнула ўвагу на неабходнасьць больш хуткай вакцынацыі грамадзян іншых краін, сказаўшы, што ў гэтым Брусэль будзе і далей падтрымліваць сваіх партнэраў. Па зьвестках фон дэр Ляен, са сьнежня 2020 году Эўразьвяз экспартаваў 700 мільёнаў дозаў вакцыны ў 130 краін сьвету. «Мы пераадолеем пандэмію толькі тады, калі пераможам яе ў кожным кутку сьвету», — цытуе кіраўніка Эўракамісіі «Нямецкая хваля».
Краіны ЭЗ лічацца аднымі з самых пасьпяховых у сьвеце па тэмпах вакцынацыі, хоць у свой час кампанія пачыналася вельмі павольна праз зрыў тэрмінаў паставак і дэфіцыт прэпаратаў.
Тым часам Сусьветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што чакае рэзкага павелічэньня колькасьці сьмерцяў у Эўропе і краінах Цэнтральнай Азіі ад наступстваў каранавіруснай інфэкцыі ў бліжэйшыя месяцы. Да пачатку сьнежня ў 53 краінах могуць памерці ад каранавірусу яшчэ 236 тысяч чалавек, заявіў рэгіянальны дырэктар САЗ па Эўропе Ганс Клуген. Па прыведзеных ім дадзеных, з пачатку пандэміі ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі ад COVID-19 памерлі адзін мільён 300 тысяч чалавек, было зарэгістравана 64 мільёны выпадкаў заражэньня каранавірусам.