На волю выйшаў Дзяніс Сакалоўскі, былы апэратар БТ, затрыманы ў «справе Прэс-клюбу». Пра гэта стала вядома ад ягонай сям’і. Ён прабыў за кратамі восем месяцаў.
Дзяніс Сакалоўскі неўзабаве пасьля выбараў 2020 году звольніўся зь Белтэлерадыёкампаніі, дзе адпрацаваў больш за 10 гадоў. Сакалоўскага, як і іншых падазраваных у «справе Прэс-клюбу», таксама затрымалі 22 сьнежня 2020-га і абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.
19 жніўня выйшлі на волю сябры «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая, Пётра Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і Ала Шарко.
За кратамі па гэтай справе яшчэ застаецца Ксенія Луцкіна, якая звольнілася з БТ у канцы жніўня 2020 году, пасьля 15 гадоў працы на дзяржаўнай тэлевізіі. Карэспандэнтка была сярод тых, хто ўдзельнічаў у страйку на «Белтэлерадыё». У інтэрвію Свабодзе яна адкрыта расказала, што ня згодная з палітыкай кіраўніцтва кампаніі.
Неўзабаве пасьля звальненьня Луцкіна ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, створанай пасьля выбараў прэзыдэнта 9 жніўня з мэтай перамоваў з уладамі аб выхадзе з палітычнага крызісу, спыненьні гвалту і правядзеньні новых справядлівых выбараў.
Затрымалі Ксенію Луцкіну 22 сьнежня 2020 году. Як і супрацоўнікаў «Прэс-клюбу», Ксенію Луцкіну абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, яе зьмясьцілі ў СІЗА № 1 у Менску. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Ксеніі таксама прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, аднак яна адмовілася гэта рабіць.
Паводле Юліі Слуцкай, Луцкінай выставілі новае абвінавачваньне паводле артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).