Ягоны лёс непасрэдна зьвязаны з Полацкам, які стаў яму найдаражэйшым месцам на ўсё жыцьцё і якому ня раз ён прысьвячаў свае вершы, гаворыцца ў анатацыі на сайце Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музэя-запаведніка.
Менавіта з Полацку, куды сям’я паэта пераехала з Расоншчыны, бярэ пачатак літаратурная творчасьць Генадзя Бураўкіна.
«Лірыка творцы напоўненая шчырасьцю і сардэчнасьцю, таму нездарма на многія вершы паэта напісаныя папулярныя песьні: «Зачарованая мая», «Белы сьнег», «Малітва» ды іншыя. А пад «Калыханку» на словы Генадзя Бураўкіна вырасла не адно пакаленьне маленькіх беларусаў», — адзначаюць арганізатары імпрэзы.
Нельга абысьці і актыўную грамадзкую і дзяржаўную дзейнасьць Генадзя Бураўкіна на пасадах старшыні Дзяржкамітэту тэлевізіі і радыёвяшчаньня БССР, дэпутата Вярхоўнага Савету БССР, пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, намесьніка міністра культуры, старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і г.д.
На выставе пад назвай «І ў любві да цябе я ня раз буду клясьціся...» будуць экспанавацца разнастайныя выданьні, прадметы, фатаздымкі з фондаў музэя-запаведніка, а таксама з асабістага збору сям’і Бураўкіных.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 году ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёну на Віцебшчыне. Скончыў аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсытэту.
Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», на Беларускім радыё, у газэце «Літаратура і мастацтва», карэспандэнтам газэты «Правда» па БССР, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосьць».
У 1978–1990 гадах — старшыня Дзяржаўнага камітэту тэлевізіі і радыёвяшчаньня БССР. У 1990–1994 гадах Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН. Па вяртаньні на радзіму — намесьнік міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь. Апошнія гады быў у апазыцыі да дзейных уладаў.
Генадзь Бураўкін памёр 30 траўня 2014-га на 78-м годзе жыцьця і пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.