Рашэньне кампазытара Эдуарда Ханка забараніць выкананьне некаторых ягоных песьняў Ядзьвізе Паплаўскай, колішняй салістцы ансамблю «Верасы», удаве нядаўна памерлага ўдзельніка гэтага ж калектыву Аляксандра Ціхановіча, і кіраўніку ВІА «Сябры» Анатолю Ярмоленку выклікала спрэчкі ў музычным асяродку.
Але, апрача кампазытараў, правы на песьні як аўтары звычайна маюць і паэты.
Аўтарскія адлічэньні ў такіх выпадках дзеляцца паміж імі ў прапорцыі 50 на 50. І калі Эдуард Ханок забараняе выконваць песьні на словы, напрыклад, ужо памерлых Генадзя Бураўкіна ці Ніла Гілевіча, аўтаматычна ён пазбаўляе іхных нашчадкаў аўтарскіх адлічэньняў.
Свабода зьвязалася зь Юліяй Бураўкінай, удавой Генадзя Бураўкіна. Песьня Эдуарда Ханка на ягоны верш «Завіруха» шмат гадоў была ў рэпэртуары «Верасоў», а потым і дуэту Ціхановіч —Паплаўская. Ці атрымліваў аўтарскія за «Завіруху» пры жыцьці Генадзь Мікалаевіч, а цяпер — спадарыня Юлія як уладальніца правоў на творчую спадчыну мужа?
«Так, фармальна я зьяўляюся ягонай спадкаемцай, але, шчыра кажучы, не адсочваю. Кроплі, відаць, капаюць, але грошы такія малыя, што нават ня вартыя нейкіх высілкаў. Генадзь некалі сам зьдзіўляўся, наколькі сьмешныя сумы адлічваліся ў Цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці ад «Калыханкі», якая гучала на тэлебачаньні штодня... Я думаю, Эдуарда Ханка найперш зачапіла тое, што папулярныя старыя песьні выконваюць на карпаратывах, а ён з гэтага нічога ня мае. Пры тым, што самі ведаеце, як плацяць артыстам. Мабыць, разважае так: калі атрымалася спагнаць з Саладухі за «Чужую мілую, чаму не паспрабаваць з астатнімі?».
Юлія Бураўкіна ў чымсьці падтрымлівае заклапочанасьць Эдуарда Ханка наконт сытуацыі, якая склалася ў сфэры абароны аўтарскіх правоў у Беларусі. Аднак, на яе перакананьне, час для высьвятленьня адносінаў выбраны ня самы ўдалы:
«Відаць, яго абурыла, што вядоўцы вечарыны памяці Ціхановіча ўвесь час паўтаралі: вось Сашыны песьні, Сашыны песьні. Яго як аўтара гэта, вядома, зачапіла — дзе ж ён, кампазытар? Ну а заадно ўжо разам усё астатняе прыплёў. Безумоўна, у нас аўтарскія правы на інтэлектуальную ўласнасьць не вытрымліваюць ніякай крытыкі, яны проста не выконваюцца. Ханок, пажыўшы ў Маскве, пабачыўшы, як там усё наладжана, як плацяць аўтарам, вырашыў даць штуршок, каб разгледзець пытаньне больш уважліва. Найперш падаць сыгнал тым, хто гэтым непасрэдна займаецца. Гэта, пардон, ягоны хлеб, ён з гэтага жыве. Зь другога боку, чаму так позна, у такі час — адразу пасьля сьмерці Ціхановіча? Многія прынялі такі крок нэгатыўна, бо момант выбраны ня дужа ўдалы, найперш з маральнага гледзішча. Выглядае як спроба вытрасьці грошы з безабароннай Ядзі».
Юлія Бураўкіна прыгадвае, што ў свой час Генадзь Бураўкін быў папулярным і запатрабаваным паэтам-песеньнікам. Але нават тады аўтарскія ганарары ніяк не ўплывалі на сямейны бюджэт:
«Некалі даўно, калі выконваліся многія песьні Генадзя Мікалаевіча, аўтарскі працэнт, магчыма, быў і неблагі, хоць не магу дакладна казаць пра канкрэтныя сумы. Але ў любым выпадку ніякай ролі ў нашым жыцьці тыя адлічэньні не адыгрывалі. Грошы былі чыста ўмоўныя, ня так, як на Захадзе ці нават як у той жа Расеі. А цяпер тым больш, калі ўжо зусім мала што выконваецца, хіба 2-3 песьні, якія сталі хітамі. Але і яны на тэлевізію, на радыё трапляюць рэдка. Таму ня думаю, што гэта для мяне можа быць істотным даважкам. Хоць, натуральна, сёньня ўсё важна, калі жывеш на адну пэнсію».
Эдуард Ханок прыгразіў судом Ядзьвізе Паплаўскай і Анатолю Ярмоленку, калі тыя ў абыход патрабаваньняў заканадаўства аб аўтарскім праве будуць публічна выконваць ягоную музыку зь песень «Завіруха», «Шчасьлівы выпадак», «Я ў бабулі жыву», «Малінаўка», «А я лягу-прылягу». Ягоная мэта — «стварыць прэцэдэнт для аздараўленьня дачыненьняў паміж аўтарамі і выканаўцамі».
Першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга ў сувязі з гэтым заявіла, што ведамства шукае спосабы, каб прапанаваць шляхі ўрэгуляваньня канфліктнай сытуацыі. Аднак да таго часу, пакуль пытаньне ня вырашанае, пры фармаваньні канцэртных праграмаў неабходна ўлічваць патрабаваньні заяўніка.
Заснавальнік і саліст ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка ў размове са Свабодай пацьвердзіў, што, згодна з патрабаваньнямі Эдуарда Ханка, ужо зьняты з рэпэртуару «сяброўскі» хіт на словы Ніла Гілевіча «А я лягу-прылягу». Як спадзяецца музыка, часова.