Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BYPOL апублікаваў гуказапіс голасу, падобнага на экс-міністра Караева, які раіць ГУБАЗіКу: «Находите эту тварь и убирайте»


Сілавікі разганяюць пратэст каля стэлы, ідзе група ГУБАЗіК на чале зь Мікалаем Карпянковым(у цэнтры). Менск, жнівень 2020 году
Сілавікі разганяюць пратэст каля стэлы, ідзе група ГУБАЗіК на чале зь Мікалаем Карпянковым(у цэнтры). Менск, жнівень 2020 году

У аўдыёзапісе, які апублікавала ініцыятыва BYPOL, беларусаў называюць «тлустымі абываталямі», а сілавікам ідзе загад забіваць тых, хто пагражае сілавікам або чыноўнікам.

Ініцыятыва BYPOL, куды ўваходзяць былыя сілавікі, якія адмовіліся служыць Лукашэнку і пайшлі ў адстаўку, арганізаваўшы за мяжой шэраг расьсьледаваньняў дзеяньняў былых калег у задушэньні пратэстаў у Беларусі, апублікавала новы аўдыёзапіс.

На ім чалавек, голас якога падобны да голасу былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Караева, нібыта выступае перад супрацоўнікамі ГУБАЗіК. У прыватнасьці, голас на запісе прызнае, што сілавікі абсалютна не былі гатовыя да пратэстаў такога маштабу. Разьлік быў на тое, што пратэстоўцаў будзе столькі, колькі было ў 2010 годзе ці ў іншыя гады. Аднак гэта быў істотны пралік.

«У вас на ўсё хапіла сілаў. Я скажу так — у першыя 4 дні „групы атакі“, пра якія ўжо ведае прэзыдэнт [маецца на ўвазе Лукашэнка], разам з АМАПам і Ўнутранымі войскамі ўратавалі краіну».

У якасьці прыкладу для спэцслужбаў Беларусі чалавек з голасам, падобным да Караева, прыводзіць вайну ў Чачэніі, калі расейскі спэцназ пачаў знаходзіў чачэнскіх ваяроў у іх лягерах, па-за часам непасрэдных баёў.

Беларускі народ голас на запісе абвінаваціў у тым, што ён «тупаваты», «ня бачыць далей за 5 мэтраў ад носу» і наогул гэта «тлустыя абываталі». А таксама ў «абмежаваных патрэбах», якія быццам складаюцца толькі з асабістага дабрабыту. Сілавікі ж, на яго думку, «гасударавы людзі».

Па словах чалавека на гуказапісе, «абываталі» пра лёс Беларусі думаюць «ад нуды», а сілавікам будуць удзячныя толькі, «калі пазбавяцца іх і схуднеюць да касьцей».

«Перасьледуйце тых, хто пагражае чыноўнікам і вам. Усё кідайце, шукайце гэтую пачвару і прыбірайце. Такі вам мой наказ» (у арыгінале: «Всё бросайте, находите эту тварь и убирайте. Вот такое моё вам наставление»).

У канцы прыведзенага аўдыязапісу прыводзіцца выраз, які прыдумаў чалавек, чый голас нагадвае голас Караева: «Сіняй ср*кай выратавалі краіну».

Пасьля публікацыі аўдыёзапісу тое, што голас на ім належыць Караеву, напісаў блізкі да Белтэлерадыёкампаніі праўладны тэлеграм-канал «Желтые сливы».

Ён зьвярнуў увагу, што на аўдыё чуваць, што Караеў кажа пра тых, хто пагражае чыноўнікам і сілавікам, не «убивайте», а «убирайте». BYPOL даў у расшыфроўцы слова «убивайте».

Камэнтару адносна аўдыёзапісу ад МУС пакуль няма.

Пасьля 9 жніўня супраць міліцыянтаў і супрацоўнікаў іншых сілавых ведамстваў не заведзена ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і па іншых крымінальных артыкулах.

Ціханоўская: «Гэтая прамова — напамін не маўчаць, не згаджацца, не спыняцца»

На запіс меркаванай прамовы Караева ГУБАЗіКу, апублікаваны BYPOL, адрэагавала Сьвятлана Ціханоўская:


«Яго тады прыбралі з пасады міністра ўнутраных спраў, і ў якасьці пажаданьня ён сказаў сваім баявікам, што беларускі народ „тупаваты і недалёкі“. Што мы „ніколі ні за кога“. Што нам „нельга даць паспрабаваць параўнаньне, як можа быць па-іншаму“. Што трэба „кідаць усё, знаходзіць нас і забіваць“. Таму што ім „лепш ведаць, як нам жыць“. Таму што яны „людзі гасударавы“. А мы — „тлустыя абываталі“.

У яго прамовы шмат слоў, якія паказваюць, як думаюць людзі, якія занадта доўга прабылі ва ўладзе і занадта доўга не былі пакараныя. Гэтая прамова — напамін не маўчаць, не згаджацца, не спыняцца. Інакш яны прывыкнуць, што можна ўрывацца ў нашыя лякарні, школы, крамы, дамы — і прыстаўляць нам рулю да скроні. А потым „прыдумляць мэмы“ і сьмяяцца над тысячамі змучаных і згвалчаных людзей.

Але нават ня гэта галоўнае ў яго прамове. Я ўбачыла ў ёй і іншае. У гэтай прамовы Караеў расказаў, як мы пераможам.

Ён гаворыць, калі мы паўсюль, калі мы змагаемся кожны дзень, калі не даём ім апамятацца — яны ня могуць нападаць, а могуць толькі абараняцца. Яго словы даказваюць, што мы ўсё рабілі правільна і нам трэба працягваць кожны дзень: інфармацыя, вуліцы, партызаншчына, міжнародны ціск, выстройваньне арганізацый. Яго словы даказваюць, што другой хвалі пратэсту рэжым ня вытрымае. І што ў іх можа атрымацца, толькі калі мы самі вырашым, што прайгралі, і спынім супраціў.

І мы працягнем змагацца за сваю свабоду, а значыць, гэта будучыня ўжо хутка. Так, яна патрабуе гераічных намаганьняў, але мы і нашы дзеці павінны даведацца, як гэта — жыць па-іншаму»,— цытуе Ціханоўскую яе прэсавая служба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG