Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне дадуць, як і банкіру, нямала». Што пішуць палітвязьні «справы Ціханоўскага»


Зьлева направа ў верхнім шэрагу — Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, у ніжнім шэрагу — Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў
Зьлева направа ў верхнім шэрагу — Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, у ніжнім шэрагу — Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

Два месяцы цягнецца закрыты суд у гомельскай турме па «справе Ціханоўскага». За «масавыя беспарадкі» і іншыя «злачынствы» судзяць блогераў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча, палітыка Міколу Статкевіча, мадэратара сацсетак Дзьмітрыя Папова і апэратара Арцёма Сакава.

Акалічнасьці суду невядомыя, адвакаты далі падпіску аб неразгалошваньні. Бадай, адзіная крыніца інфармацыі — лісты палітзьняволеных.

У жніўні Мікола Статкевіч адзначыў у турме 65 гадоў, Сяргей Ціханоўскі — 43.

Палітвязьню Арцёму Сакаву, які працаваў апэратарам праекту «Страна для жизни», сёньня споўнілася 27 гадоў. Ужо другі дзень нараджэньня ён сустракае ў турме. Летась Арцём сядзеў у сталічным СІЗА-1 на Валадарскага. Цяпер над ім і іншымі фігурантамі справы ў гомельскай турме ідзе закрыты суд. Вядома, што Арцём трымаецца годна, спрабуе абараняць свае правы, дапамагае іншым вязьням.

Маці ўжо два тыдні не атрымлівала лістоў ад палітзьняволенага. Бацькі Арцёма сёньня перадалі яму сьвяточную перадачу ў СІЗА. У тым ліку — кексы з рознымі віншаваньнямі.

Арцёма сёньня віншуюць і карыстальнікі сацыяльных сетак, якія ад імя маці напісалі вязьню віншаваньне.

Тым часам Сяргей Ціханоўскі, які адзначыў дзень нараджэньня 18 жніўня, піша людзям падзякі за падтрымку. «Я нагадаў беларусам пра справядлівасьць, правы чалавека, годнасьць. Але галоўнае — я паказаў ім надзею. Пра надзею было напісана і на вашай паштоўцы. Веру ў перамены да лепшага ў Беларусі!», — напісаў знаёмай жыхарцы Гомля палітзьняволены.

Яшчэ ў адным лісьце Сяргей піша, што ён другі год у адзіночцы. «Хаджу ў суды. Яны яшчэ пару месяцаў будуць. Потым — апэляцыя, і месяцы яшчэ праз тры ў калёнію накіруюць. На Новы год ужо змагу быць ня ў Гомлі. Думаю, зразумела, што мне дадуць, як і банкіру, нямала. А ў газэтах мяне дагэтуль аблайваюць. Ніяк не забудуць. Так вось абылганы і сяджу. Настрой у нас ва ўсіх пазытыўны. Бадзёрыя духам. Верым у перамены да лепшага», — напісаў блогер.

Сваёй былой выкладчыцы ўнівэрсытэту імя Францыска Скарыны палітвязень даслаў малюнак філфаку, дзе ён вучыўся, з цытатай Скарыны.

Малюнак Сяргея Ціханоўскага, дасланы з-за кратаў.
Малюнак Сяргея Ціханоўскага, дасланы з-за кратаў.

«Як нас ні схілялі напісаць на памілаваньне — ніхто пра гэта нават ня думаў. Віны за намі няма ніякай — гэта ж усе разумеюць. Я думаў, што б я змог зьмяніць, калі б вярнуся назад. Дык ведаеш — нічога. Можа, толькі відэазварот запісаў бы. А чытала мае вершы? Асабліва вясёлы пра тое, што прыйдзе жнец, а хтосьці ў гэта ня верыць і дзівачыць», — дадаў Ціханоўскі.

Мікола Статкевіч на дзень нараджэньня атрымаў сорак паштовак і лістоў. Пра гэта расказала ягоная жонка Марына Адамовіч. Мікола піша ёй, што не атрымлівае газэту «Белорусы и рынок», але чытае афіцыйную прэсу. У лісьце ён разважае, што дзяржава павінна мець ідэалёгію аб’яднаньня. «Дзяржава, не зьяднаная агульнай ідэалёгіяй, робіцца няўстойлівай. Напрыклад, дабрабыт і сацыяльны камфорт — як у Эўропе. Веліч дзяржавы — як у Расеі. Абарона сапраўднай веры — як у Іране і Саудаўскай Арабіі. Калі сапраўднай аб’яднаўчай ідэалёгіі няма, то адзінай сапраўднай мэтай кіраўнічай меншасьці робіцца захаваньне свайго існаваньня і кармавой базы. Доўга так не працягнецца. Калі вярнуцца да нашай сытуацыі, то з дабрабытам і бясьпекай усё горш, вера, веліч, прагрэсіўнае навучаньне — не пра нас. Незалежнасьць? Донар незалежнасьці той, які купляе яе па кавалачках», — разважае палітык.

Ён чытае паваенных беларускіх аўтараў. Асабліва Міколу спадабалася «Чужая спадчына» Вячаслава Адамчыка. «На волі ў інфармацыйнай плыні чытаць цяжка, а тут :)», — напісаў палітвязень.

Мікола Статкевіч піша, што мэта «зачысткі» — выціснуць за мяжу патэнцыйны актыў пратэсту. «Шкада, што многія зьехалі незваротна, бо зьяжджаюць самыя энэргічныя, гэта страта для краіны», — лічыць Статкевіч.

Дар’я Лосік, жонка вядомага блогера, расказала пра прыкры выпадак, які адбыўся зь Ігарам Лосікам у гомельскім СІЗА.

«У панядзелак у іх няма судовых паседжаньняў. Ігара і сукамэрнікаў вывелі на калідор, каб прастукаць сьцены — гэта звыклая практыка. Па калідоры ішла турэмны псыхоляг. Яна заўважыла — бо Ігар быў толькі ў футболцы, — што ў яго парэзы на руках. Яны засталіся, калі ён спрабаваў рэзаць вены. Псыхоляг, я б пісала гэтую прафэсію ў гэтым выпадку ў двукосьсі, пачала папікаць Ігара, што ён няправільна рэзаў вены! Што трэба было ўздоўж рукі, а ён рэзаў упоперак. Потым яна спыталася — калі будзе канец суду і калі, паводле яе словаў, Ігар зладзіць чарговы „пэрформанс“ з рэзаньнем рук!», — абурылася Дарʼя.

У лістах Ігар піша, што час, калі ён на «судзе», пралятае хутка, ён адчувае сябе «як быццам у чытальнай залі ў бібліятэцы». «Кожны дзень працэсу ўсё больш зьдзіўляе і бянтэжыць. Добра, што маскі выдаюць, а так бы выгналі за сьмех. Яны заўсёды апраўдваюцца тым, што выконваюць сваю працу, падпарадкоўваюцца загадам. Ад іх, маўляў, нічога не залежыць, і калі не яны, то будзе нехта іншы. Але ніяк гэтаму не супрацьстаяць і спакойна падпісваюць паперы, якія прыгаворваюць чалавека да неймаверных тэрмінаў і празь якія будуць пакутаваць семʼі», — напісаў палітвязень у лісьце да жонкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG