«Гібрыдная атака вытхнулася?» — пад такім загалоўкам літоўскі партал Delfi сёньня паведаміў пра адзіны выпадак парушэньня мяжы з боку Беларусі.
У Аранскім (Varėnos) раёне літоўскія памежнікі разьвярнулі групу зь некалькіх чалавек.
Празь вялікую колькасьці нелегальных мігрантаў 2 ліпеня ў Літве абвясьцілі экстрэмальную сытуацыю. Паводле зьвестак Дэпартамэнту статыстыкі Літвы, з пачатку году беларуска-літоўскую мяжу незаконна перасеклі больш за 4,1 тысячы чалавек (у 51 раз больш, чым за ўвесь 2020-ты), у асноўным грамадзяне Іраку. 23 жніўня ў Літве ўхвалілі будаўніцтва 508-кілямэтровай агароджы на мяжы зь Беларусьсю.
У той жа час у Латвіі зафіксавалі 68 спробаў перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы нерэгулярнымі мігрантамі. У краіну памежнікі нікога не пусьцілі. З 10 жніўня такіх выпадкаў было 544.
У Польшчы за суткі затрымалі 59 нерэгулярных мігрантаў, якія прыйшлі зь Беларусі. Гэта былі ў асноўным грамадзяне Іраку і Таджыкістану.
Яшчэ ў ста выпадках мігрантам не далі перайсьці мяжу, паведаміла Польская памежная служба.
Усяго з пачатку жніўня такіх выпадкаў зафіксавалі 2,9 тысячы. Амаль 900 нелегальных мігрантаў затрымалі.
Польшча таксама зьбіраецца адгарадзіцца ад Беларусі сьцяной.