Як распавёў суразмоўца агенцтва, пераважная большасьць з 600 удзельнікаў штурму дзейнічалі самастойна, і толькі прыкладна кожны 20-ы працаваў у групах у адпаведнасьці з загадзя ўзгодненым плянам.
Гаворка ідзе пра пратэстоўцаў з ультраправых груповак, такіх як «Гордыя хлопцы» і «Захавальнікі клятвы»: яны сапраўды з самага пачатку паставілі мэту ўварвацца ў будынак заканадаўчага органа, лічаць у паліцыі. У той жа час сьледзтва прыйшло да высновы, што гэтыя групы ня мелі выразнага ўяўленьня пра тое, што ім варта было б рабіць пасьля пранікненьня ў залю пасяджэньняў Кангрэсу. Па словах крыніцы Reuters, паліцыя не бачыць ніякай «грандыёзнай змовы», якая была б арганізаваная адным з палітыкаў, ляяльных тагачаснаму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу.
Тым ня менш, пракуратура выставіла абвінавачаньне ў змове супраць 40 падсудных. Паводле абвінавачаньня, яшчэ за некалькі тыдняў да штурму лідэр «Гордых хлопцаў» заклікаў сваіх паплечнікаў рыхтаваць куленепрабівальныя камізэлькі і іншы вайсковы рыштунак, а ў дзень нападу ўказаў ім арганізавана прарывацца да будынку і зрабіць у ім некалькі праходаў.
Раней у ліпені быў прысуджаны першы рэальны тэрмін: жыхара Флорыды прысудзілі да васьмі месяцаў турмы. Першы прысуд па справе аб штурме Капітолію быў вынесены ў чэрвені. Суд прысудзіў жыхарку Індыяны да ўмоўнага тэрміну.
- Прыхільнікі Трампа ўварваліся 6 студзеня ў будынак Кангрэсу пасьля таго, як былы прэзыдэнт выступіў перад імі на мітынгу непадалёк ад Белага дому, чарговы раз заявіўшы, што вынікі выбараў 2020 году былі сфальшаваныя. Суды не пацьвердзілі гэтых цьверджаньняў. Натоўп біў шкло і ўступаў у проціборства з паліцыянтамі. Заканадаўцы, якія ў той час знаходзіліся на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат і зьбіраліся зацьвердзіць перамогу Джо Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах, былі тэрмінова эвакуаваныя. У выніку сутыкненьняў загінулі пяць чалавек, у тым ліку супрацоўнік паліцыі Кангрэсу.
- Кангрэс ЗША заявіў, што створыць незалежную камісію па расьсьледаваньні штурму Капітолію. Рэспубліканцы ў Сэнаце заблякавалі гэтую прапанову.
- Па справе аб штурме праходзяць амаль 600 чалавек.