Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцаў папярэдзілі пра «стан падвышанай пагрозы», якая сыходзіць ад незадаволеных зьменай улады


Нацыянальная гвардыя ЗША ў Вашынгтоне ў дзень інаўгурацыі прэзыдэнта Джо Байдэна.
Нацыянальная гвардыя ЗША ў Вашынгтоне ў дзень інаўгурацыі прэзыдэнта Джо Байдэна.

Службы бясьпекі ЗША папярэдзілі, што народная незадаволенасьць вынікам прэзыдэнцкіх выбараў можа справакаваць новыя акты гвалту ў розных штатах.

Міністэрства ўнутранай бясьпекі 27 студзеня апублікавала прэс-рэліз Нацыянальнай сыстэмы апавяшчэньня аб тэрарызьме (National Terrorism Advisory System, NTAS), у якім зьмяшчаецца папярэджаньне, што «стан падвышанай пагрозы» працягнецца ў краіне сама меней да канца красавіка, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«У апошнія дні бунты з ужываньнем гвалту працягваліся, — гаворыцца ў прэс-рэлізе міністэрства, — і ў нас па-ранейшаму выклікае заклапочанасьць той факт, што асобы, незадаволеныя дзейнасьцю дзяржаўных органаў і зьменай прэзыдэнцкай улады, а таксама раздражнёныя іншымі ідэалягічнымі прычынамі, могуць працягваць мабілізаваць свае сілы».

Далей прэс-рэліз адзначае, што агрэсіўна настроеныя ўнутраныя тэрарысты «могуць натхніцца ўварваньнем ў будынак вашынгтонскага Капітолію 6 студзеня і абраць мішэньню для сваіх дзеяньняў афіцыйных асоб і дзяржаўныя ўстановы».

Паведамляецца таксама, што 11 студзеня ўлады арыштавалі двух чалавек у штаце Вашынгтон падчас спробы пратэстоўцаў сарваць пасяджэньне заканадаўчага органу штату. За пару дзён да гэтага іншая група незадаволеных прарвалася на тэрыторыю рэзыдэнцыі губэрнатара штату, спыніць іх удалося толькі каля дзьвярэй губэрнатарскага дома.

Раней на гэтым тыдні камандаваньне арміі ЗША абвясьціла, што мае намер захаваць у сталічнай акрузе Калюмбія кантынгент Нацыянальнай гвардыі колькасьцю да сямі тысяч вайскоўцаў мінімум да сярэдзіны сакавіка, з прычыны павышанага ўзроўню трывогі падчас важных дзяржаўных захадаў, такіх як зварот прэзыдэнта Джо Байдэна да Кангрэсу, працэдура імпічмэнту Дональда Трампа і штогадовы «Марш за жыцьцё».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG