Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам здавалася: ну ўсё — перамаглі, далей будзе спакойна. А не». Лукашэнка на сакрэтнай цырымоніі ўзнагародзіў сілавікоў


Сілавікі затрымліваюць пасажыраў прыватнага аўто, 11 жніўня 2020 г.
Сілавікі затрымліваюць пасажыраў прыватнага аўто, 11 жніўня 2020 г.

Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі КДБ, МУС, Савету бясьпекі, Памежнага камітэту. Агулам 28 чалавек, якія атрымалі мэдалі «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», прэзыдэнцкія падзякі ды іншыя знакі ўвагі.

Як удакладняе праўладны тэлеграм-канал «Пул первого», прозьвішчы ўзнагароджаных не называюцца, бо іх праца «несумяшчальная з публічнасьцю» — маўляў, абараняюць беларусаў, не прэтэндуючы на славу. Таму ўсё адбывалася ў атмасфэры сакрэтнасьці на базе аднаго з аб’ектаў Камітэту дзяржбясьпекі. Аднак пры гэтым «Пул первого» паведаміў, што падчас гэтай жа цырымоніі яшчэ адну ўзнагароду з рук Лукашэнкі атрымаў супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканалу СТВ Рыгор Азаронак.

Лукашэнка падзякаваў сілавікам за тое, што яны зрабілі за апошні год.

«Паказаўшы высокі прафэсіяналізм, не завагаліся ў хвіліну небясьпекі. Выстаялі, як нашы дзяды ў 1945-м. Кажу бязь лішняга патасу. Вялікае бачыцца на адлегласьці. Пройдзе час, і вы выразна ўсьвядоміце, што мы зьдзейсьнілі ў мінулым годзе, асабліва пасьля тых падзеяў. Гэта больш тонкая, акуратная, але ня менш небясьпечная і дасканалая праца», — заявіў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што супраць Беларусі дагэтуль ідзе «прыхаваная закулісная вайна з боку калектыўнага Захаду», у якой, прызнаўся Лукашэнка, «мы яшчэ не перамаглі».

«Гэтая вайна ніколі не спынялася і ня спыніцца. Вы гэта ведаеце ня горш за мяне, таму што цалкам уцягнутыя ў падзеі, якія адбываюцца пасьля жніўня-верасьня мінулага году. Нам здавалася: ну ўсё — перамаглі, далей будзе спакойна. А не, нічога падобнага», — канстатаваў ён, расказаўшы пра «існасьць заходняй дэмакратыі» на прыкладзе Афганістану.

«Бачыце, як яны прадэманстравалі нам сутнасьць сваёй дэмакратыі. Ня важна, што там на ўзьлётна-пасадачнай паласе ў гэты люк людзі напакаваліся. Кавалак цела застаўся, нешта адарвала, ногі боўтаюцца. Усё роўна, гэта іхняя дэмакратыя. Вось так магло быць з намі, каб яны той бліцкрыг ажыцьцявілі. А потым народ празь некалькі гадоў іх выкінуў бы, і некаторыя чапляліся б за шасі самалёта... Таму з гэтага трэба здабываць урокі і вучыць наша насельніцтва», — выказаў пажаданьне Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што ворагі Беларусі ня грэбуюць нічым, але яны пралічыліся.

«Людзі ў пагонах засталіся верныя народу і свайму абавязку. Дый пераважная большасьць беларусаў не падтрымала такі бліцкрыг. Прадстаўнікі сілавых структураў былі той сьцяной, аб якую разьбіўся каламутны паток уяўных дэмакратычных каштоўнасьцяў, якія навязваюцца нам сілай», — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсьліў, што грамадзка-палітычная сытуацыя ў Беларусі шмат у чым стабілізавалася, але застаецца няпростай. І дадаў, што расслабляцца не выпадае.

«Я часта паўтараю фразу: калі ўжо пасьля гэтых апэрацый, якія вы правялі ў апошні час, хтосьці там — ачмурэлыя, звар’яцелыя, аблудныя — не зразумелі і паводзяць сябе па-ранейшаму, гэта, хлопцы, ворагі. Бо якія яшчэ патрэбныя доказы таго, што яны хацелі з намі зрабіць — перакуліць краіну, зьнішчыць дзяржаву, зрабіць нас рабамі», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG