Як і большасьць жыхароў Савецкага Саюзу, раніцай 19 жніўня Уладзімер ўбачыў па тэлевізары балет «Лебядзінае возера». А навіну пра тое, што ў Маскве адбыўся путч, ён даведаўся ад таварышаў па службе ў Менскай абласной пракуратуры.
«Нам было зразумела, што тое, што адбываецца ў Маскве, гэта ня нейкі станоўчы момант для грамадзтва, а наадварот, тормаз, — расказвае Уладзімер. — Мы ўспрынялі [спробу путчу] вельмі балюча. Дні тры, да 21 [жніўня] ніхто ня мог працаваць. Толькі думаеш — як у нас цяпер са жніўня мінулага году — калі гэта ўсё скончыцца».
У жніўні 2020 году Беларусі прайшлі масавыя пратэсты пасьля фальсыфікацый на прэзыдэнцкіх выбарах, але, у адрозьненьне ад падзей 1991 году, краіна пайшла па шляху закручваньня гаек. Апошнія 25 гадоў Уладзімер працаваў адвакатам у Менску. Паўгода таму яго пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі за тое, што ён абараняў аднаго з галоўных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі — экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Цяпер Уладзімер беспрацоўны.
Як расьсьледавалі путч
Акрамя Ўладзімера Сазанчука, для паездкі ў Маскву разглядалі яшчэ траіх сьледчых зь Менску. Ніхто зь іх не сумняваўся, што путчысты парушаюць закон і спрабуюць захапіць уладу, кажа Ўладзімер. Ужо 22 жніўня пракуратура СССР распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Здрада Радзіме».
«Як гэта кваліфікаваць зь юрыдычнага пункту гледжаньня адносна Крымінальнага кодэксу... То бок было зразумела, што гэта злачынства. Гэта здрада Радзіме, гэта змова з мэтай захопу ўлады, гэта перавышэньне ўлады? Вось такія тры склады, гэта ўжо пытаньне другаснае. Але тое, што гэта беззаконьне, ня той варыянт, які патрэбен, гэта было ўсім зразумела», — апавядае спадар Уладзімер.
У Маскве ён трапіў у групу, якая расьсьледавала ізаляцыю прэзыдэнта Міхаіла Гарбачова на дзяржаўнай дачы ў Фаросе. У прыватнасьці, Уладзімер дапытваў начальніка аховы Гарбачова Вячаслава Генералава, які да гэтага часу сьцьвярджае, што ніякай прымусовай ізаляцыі прэзыдэнта СССР не было. «Казаць пра тое, што яго нехта блякаваў, няправільна. Гэта была самаізаляцыя», — казаў Генералаў у інтэрвію RT.
У сваёй кнізе «Прэзыдэнт ня выйшаў на сувязь» Уладзімер Сазанчук абвяргае вэрсію Генералава.
«Я яшчэ тады пісаў, што баюся, што справа ня дойдзе да суду, будзе спыненая нейкім чынам, ня будзе адкрытага судовага працэсу, у якім бы дасьледавалася кожная хвіліна... Каб людзям стала вядома, ці ўсё ж такі Гарбачоў быў ізаляваны, або ён саўдзельнік гэтага перавароту. У выніку гэта і адбылося — Дзярждума [Расеі] прыняла амністыю, справа спыненая».
З васьмі членаў ГКЧП сярод жывых ужо няма нікога. Адзін зь іх, міністар унутраных спраў СССР Барыс Пуга, пакончыў з сабой адразу пасьля правалу путчу. На прапанаваную Думай амністыю пагадзіліся ўсе, акрамя былога намесьніка міністра абароны СССР Валянціна Варэньнікава. Путчысты шчасьліва дажывалі свой век: так, былы старшыня КДБ Уладзімір Кручкоў пісаў мэмуары, былы віцэ-прэзыдэнт СССР Генадзій Янаеў выкладаў, былы прэм’ер Валянцін Паўлаў займаўся бізнэсам, экс-міністар абароны Дзьмітрый Язаў займаў пасады ў Мінабароны і Генштабе.
Жыцьцё пасьля справы ГКЧП
Пасьля завяршэньня справы ГКЧП Уладзімер Сазанчук вярнуўся ў Менск, хоць яму прапаноўвалі застацца ў Маскве. З прыходам да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе Ўладзімер пакінуў пракуратуру і стаў адвакатам.
«Пасьля абраньня прэзыдэнтам Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча я змог прапрацаваць у пракуратуры год практычна. І ўжо на працягу гэтага году я бачыў, як пракуратура дэградуе, ператвараецца з органа нагляду за законнасьцю ў орган патураньня беззаконьню, няхай ня крыўдзяцца на мяне калегі. Цяпер, у 2021 годзе, гэта выразна відаць нават не юрысту, звычайнаму грамадзяніну», — кажа ён.
Зараз у Беларусі менш законнасьці і справядлівасьці, чым трыццаць гадоў таму, лічыць былы сьледчы. Краіна, паводле Ўладзімера, так і не прайшла шлях ад «грамадзтва абсурду» да «грамадзтва здаровага сэнсу».
«І блізка ў тыя гады мы не маглі выказаць здагадку, што наступяць такія часы, якія наступілі. Як у нас у Беларусі, так і ў Расеі. Што будуць патаптаныя асноватворныя прынцыпы, канстытуцыйныя прынцыпы, правы грамадзян. Што будзе наплявацельскае стаўленьне да тых жа пактаў міжнародных, пад якімі стаяць подпісы і Беларусі».
Цяпер Уладзімеру Сазанчуку 60 гадоў. Ён верыць, што ўбачыць той час, калі Беларусь «адрачэцца ад беззаконьня». Тады ён зможа вярнуцца да сваёй працы.