МУС Польшчы паведаміла, што ініцыявала «інтэнсіўныя захады» дзеля аховы польска-беларускага ўчастку дзяржаўнай мяжы.
Для выкананьня пастаўленых задачаў прыцягнутыя як афіцэры пагранічнай службы, так і 1000 жаўнераў Войска Польскага. Спробы незаконнага перасячэньня тычацца ў асноўным памежнага ўчастку, які ахоўваецца падразьдзяленьнем памежнай службы Падляшша.
Агульная працягласьць польскай мяжы зь Беларусьсю — 418 км, ахоўваюць гэтую мяжу 19 заставаў. 187-кілямэтровы ўчастак Падляскага ваяводзтва найбольш «прывабны» для парушальнікаў. Таму сюды камандзіравалі дадатковыя сілы зь іншых аддзелаў памежнай службы і вайскоўцаў-кантрактнікаў. Пры неабходнасьці на месца будуць накіраваныя салдаты і паліцэйскія з гарнізонаў Любліна.
Удакладняецца, што мяжа пастаянна кантралюецца пешымі патрулямі, а таксама з выкарыстаньнем транспартных сродкаў, самалётаў і водных суднаў. Акрамя таго, усталяваныя назіральныя вежы, абсталяваныя цеплавізарнымі камэрамі далёкага дзеяньня і іншымі спэцсродкамі.
Амаль 100 кілямэтраў мяжы на Падляшшы ўмацаваныя агароджай з калючага дроту. У плянах — абсталяваць яшчэ 50 кілямэтраў.
Толькі ў жніўні польскія памежнікі зарэгістравалі 2100 спробаў незаконна перасекчы польска-беларускую мяжу. З гэтага ліку 1342 парушальнікаў спынілі, 758 затрымалі і зьмясьцілі ў закрытыя цэнтры для мігрантаў. Ад пачатку ліпеня 380 іншаземцаў выслалі назад у Беларусь або ў краіны іх паходжаньня.
За апошнія суткі памежная служба зафіксавала 138 чалавек, якія спрабавалі нелегальна ўехаць у Польшчу: супрацоўнікі не дазволілі трапіць на тэрыторыю краіны 130 замежнікам, яшчэ 8 арыштаваныя.
«Памежная служба ня будзе ўпускаць нелегальных мігрантаў у Польшчу», — напісаў у твітэры намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік.
«Прыярытэт ураду — бясьпека польскіх грамадзян. Таму людзі, якія трапляюць у закрытыя цэнтры, правяраюцца польскімі службамі з пункту гледжаньня бясьпекі. У той жа час працягваецца працэдура аказаньня міжнароднай дапамогі або дэпартацыі ў краіну паходжаньня. Урад ад самага пачатку выступае супраць незаконнай і бескантрольнай міграцыі. Няма згоды Польшчы на ўезд у краіну людзей, якія могуць уяўляць пагрозу», — гаворыцца ў заяве ўраду Польшчы.
Акрамя таго, адзначаецца, што супрацоўнікі памежнай службы Польшчы ў пастаянным кантакце са сваімі партнэрамі ў Літве. У рамках падтрымкі, арганізаванай для краін Балтыі агенцтвам Frontex, польскі бок ужо накіраваў у Літву сваіх афіцэраў і верталёт. Таксама ў канцы жніўня паліцыя камандзіруе 50 супрацоўнікаў для падтрымкі мясцовых службаў.
У Латвіі памежнікі 17 жніўня не пусьцілі ў краіну 46 нерэгулярных мігрантаў, у Літве — амаль сто.