Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва накіравала ноту афіцыйнаму Менску з прычыны парушэньня беларускімі памежнікамі мяжы


Габрыелюс Ландсбергіс
Габрыелюс Ландсбергіс

Пасьля таго як 12 беларускіх памежнікаў нелегальна перасеклі літоўскую мяжу, Міністэрства замежных спраў Літвы выказала свой афіцыйны пратэст.

Пра ўручэньне ноты 18 жніўня паведаміў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс, паведамляе BNS.

«Мы праінфармавалі Беларусь, што здарэньне зафіксавана, яно выклікае глыбокую заклапочанасьць, бо мы лічым гэта яшчэ адной правакацыяй, павышэньнем тэмпэратуры ў і без таго ўжо даволі напружанай сытуацыі. Мы заклікаем устрымацца ад учынкаў, якія могуць быць расцэненыя як правакацыя, ужо ня кажучы аб сапраўдных правакацыях», — сказаў Ландсбергіс.

Таксама міністар адзначыў, што пра інцыдэнт ён праінфармаваў партнэраў па NATO і Эўразьвязе.

Міністар адзначыў, што рэакцыі Менску на засьцярогі з боку Літвы сталі «крыху спакайнейшымі».

МУС Літвы: у Беларусі падрыхтавалі адмысловую пляцоўку для здымак «гісторый пра Літву»

18 жніўня Літоўская памежная служба паказала, як беларускія памежнікі здымаюць відэа пра «зьбітых» літоўскімі памежнікамі нелегальных мігрантаў.

Паводле міністаркі ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце, атрыманая інфармацыя пра тое, што ў Беларусі нават падрыхтавалі адмысловую пляцоўку для «здымак эпізодаў, як літоўскія памежнікі зьбіваюць нелегалаў».

«У нас ёсьць дадзеныя аб падрыхтаванай пляцоўцы для здымак, там створаная карціна памежнай тэрыторыі і здымаюць розныя „гісторыі“, з дапамогай якіх спрабуюць увесьці ў зман міжнародныя арганізацыі, распаўсюджваць дэзынфармацыю ў іншых краінах і ў нас», — сказала Білатайце, якую цытуе Delfi.lt.

Раней Літва ўжо неаднаразова заяўляла пра правакацыі беларускага боку. Раніцай 4 жніўня ананімныя тэлеграм-каналы, набліжаныя да ўладаў Беларусі, паведамілі пра сьмерць грамадзяніна Іраку непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы. Неўзабаве навіну пра гэта перапосьцілі адтуль і афіцыйныя СМІ, у тым ліку інфармацыйнае агенцтва БелТА.

16 жніўня пад Салечнікамі было адзначана ўзмацненьне сіл беларускіх памежнікаў ля мяжы, у раёне Друскенікаў чулі некалькі дзясяткаў стрэлаў з аўтаматаў на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйныя асобы Літвы, у тым ліку прэзыдэнт Гітанас Наўседа і міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайце казалі пра далейшую імавернасьць правакацый беларускага боку на мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG