3 гады «хіміі» за спробу адбіць затрыманага
У судзе Савецкага раёну 16 жніўня агучылі прысуд у крымінальнай справе 19-гадовага Ільлі Камкова, якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, за падзеі 23 верасьня 2020 году, паведамляе «Вясна».
Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Шаціла, бок дзяржаўнага абвінавачаньня падтрымліваў Раман Чабатароў.
Паводле абвінавачаньня, Ільля Камкоў прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 23 верасьня на плошчы Свабоды ў Менску, дзейнічаў сумесна зь неўстаноўленымі асобамі, выкрыкваў лёзунгі, неаднаразова адмаўляўся выканаць патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў затрыманьню аднаго з пратэстоўцаў, і за гэта яго затрымалі. Супраць хлопца пачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Сваёй віны Ільля Камкоў не прызнаў. Патлумачыў, што ведаў пра несанкцыянаваныя мітынгі з інтэрнэту, што людзі былі нязгодныя з агучанымі ўладамі вынікамі выбараў і выходзілі на пратэсты, у тым ліку і 23 верасьня — ў дзень інаўгурацыі.
Абвінавачаны адзначыў, што ў той дзень перапісваўся зь незнаёмым хлопцам у Telegram, вырашылі сустрэцца і паразмаўляць наконт музыкі і, магчыма, сыграць. Калі прыйшлі на месца, было ўжо шмат людзей, якія рухаліся ў бок стэлы. У нейкі момант незнаёмы хлопец выйшаў на праезную частку дарогі з астатнімі людзьмі, тады Ільля крычаў яму, каб сышоў адтуль, але хлопец ня слухаў. Тады Камкоў падбег да яго і пачаў выцягваць з дарогі, бо баяўся за яго бясьпеку. Транспарт у той момант па дарозе ня рухаўся.
Пасьля хлопцы пайшлі ў бок Нямігі і дайшлі да Burger King, дзе замовілі ежу, сядзелі на тэрасе. Абвінавачаны бачыў, як уздоўж праспэкту Пераможцаў хадзілі людзі ў цёмнай вопратцы і балаклавах. У нейкі момант да аднаго чалавека на тэрасе падыйшлі 3 ці 4 чалавекі ў балаклавах, пачалі хапаць яго за сьпіну, а хлопец спрабаваў вызваліцца. Камкоў думаў, што гэта бандыты, і пачаў адцягваць іх ад хлопца, аднак пасьля самога абвінавачанага схапілі, скруцілі рукі і павялі праспэктам. Толькі пры складаньні пратаколу Ільля зразумеў, што яго затрымалі пераапранутыя міліцыянты.
Сьведкам, сярод іншых, выступіў спэцыяліст, які аказваў Камкову псыхалягічную дапамогу: хлопец быў шпіталізаваны ў РНПЦ псыхічнага здароўя, прайшоў курс лячэньня. На яго думку, Ільля ня мог зрабіць злачынства, якое ставіцца яму ў віну.
Міліцыянт Ігар Стрыгін расказаў у судзе, што калі разам з другім супрацоўнікам пачаў затрымліваць аднаго з пратэстоўцаў, з натоўпу падбег абвінавачаны і стаў спрабаваць выцягнуць таго, каго затрымлівалі. Стрыгін заявіў, што запомніў Ільлю Камкова «па прычосцы».
На думку адваката, не было даказана, што Камкоў блякаваў рух, выкрыкваў лёзунгі.
Аднак судзьдзя Шаціла падтрымаў пазыцыю дзяржабвінавачаньня і пакараў Камкова 3 гадамі «хіміі».
3 гады «хіміі» за 40 сэкунд на праезнай частцы
На 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асудзілі Юрыя Бандарэнку за падзеі 23 верасьня 2020 году. Cправу разглядала судзьдзя суду Першамайскага раёну Менску Сьвятлана Чараповіч, бок дзяржаўнага абвінавачаньня падтрымлівала Іна Зубко.
Бандарэнку вінавацілі ў тым, што ён вечарам 23 верасьня ўдзельнічаў у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на перакрыжаваньні праспэкту Ракасоўскага і вуліцы Пляханава ў Менску». Па меркаваньні пракуроркі, абвінавачаны прыняў актыўны ўдзел у «групавых дзеяньнях, якія груба парушалі грамадзкі парадак», і такім чынам, зьдзейсьніў злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Юры Бандарэнка прызнаў віну, сказаўшы, што знаходзіўся на праезнай частцы ня болей за 40 сэкундаў, за гэты час толькі пасьпеў зьняць невялічкае відэа падзей. Мужчына адзначыў, што толькі адзін раз выгукнуў «Жыве Беларусь!», здымаў падзеі на тэлефон для сябе, супрацоўнікаў міліцыі ня бачыў. Затрыманьня ў той дзень ён пазьбегнуў.
На пытаньне суду, якія высновы для сябе ён зрабіў, Юры адказаў: «Трэба выдаляць перапіскі». Яго затрымалі 9 красавіка, і з таго часу ён знаходзіўся пад вартай. Зь ім запісвалі «пакаяльнае» відэа, дзе гвалтам прымусілі зачытаць на камэру напісаны сілавікамі тэкст.
Судзьдзя Чараповіч прызнала Юрыя Бандарэнку вінаватым і прызначыла яму пакараньне ў 3 гады «хіміі». Хлопца вызвалілі ў залі суду да ўступленьня прысуду ў сілу.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах