Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Талібан» атачыў Кабул


Жыхары хаваюцца ў адным з паркаў Кабулу, 13 жніўня 2021 году
Жыхары хаваюцца ў адным з паркаў Кабулу, 13 жніўня 2021 году

Усе найбуйнейшыя гарады Аўганістану, апрача сталіцы — пад кантролем талібаў.

Работнікі дзяржаўных устаноў у Кабуле пачалі пасьпешліва пакідаць працоўныя месцы, у горадзе нарастае паніка, піша StarTribune.

Агенцтва Associated Press са спасылкай на суразмоўцаў з дзяржаўных органаў паведаміла, што байцы знаходзіліся ў раёнах Калакан, Карабах і Пагман у сталіцы краіны.

Як піша StarTribune, самі баевікі пакуль не прызнаюць іх узяцьця, хоць раней яны ўвайшлі ў Джалалабад, горад каля буйнога памежнага пераходу з Пакістанам, які заставаўся апошнім, апрача Кабулу, які знаходзіўся не пад іх кантролем.

На дадзены момант «Талібан» гаворыць, што не зьбіраецца браць Кабул сілай, хаця ў сталіцы чуюцца паасобныя стрэлы. Баевікі канцэнтруюцца каля горада.

«Нічыё жыцьцё, маёмасьць і годнасьць ня будуць пашкоджаны, і жыцьцё грамадзян Кабулу ня будзе пад пагрозай», - гаворыцца ў заяве талібаў.

Раней урады ЗША і Чэхіі пацьвердзілі, што плянуюць эвакуацыю дыпляматычных місій з Аўганістану.

Тысячы мірных жыхароў перайшлі са сваіх дамоў у паркі і ў іншыя адкрытыя прасторы Кабулу, баючыся за жыцьцё сябе і блізкіх. У сталіцы шматлікія банкаматы спынілі выдачу гатоўкі пасьля таго, як каля іх сабраліся доўгія чэргі.

Крыніцы паведамляюць, што прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані застаўся фактычна без падтрымкі ўрадавых войскаў. Аднак спэцслужбы заяўляюць пра тое, што сытуацыя знаходзіцца ў іх пад кантролем. У сваёй суботняй прамове да нацыі Гані заклікаў народ ня здаць дасягненьні апошніх 20 гадоў.

У Кабуле зараз застаюцца сотні тысяч аўганцаў, якія ўцяклі зь іншых рэгіёнаў краіны, захопленых талібамі. Раней амэрыканскія спэцыялісты заяўлялі, што Кабул пры цяперашнім разьвіцьці падзей можа быць захоплены ў тэрмін ад 30 да 90 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG