Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на члена правінцыйнай рады.
За тыдзень талібы захапілі больш за палову рэгіянальных цэнтраў у краіне. Пад іх кантролем цяпер тры зь пяці найбуйнейшых гарадоў Аўганістану. У сацыяльных сетках удзельнікі руху выкладваюць запісы зь непашкоджанай трафэйнай тэхнікай, атрыманай падчас наступу. Паведамляецца, што многія падразьдзяленьні аўганскай арміі здаюцца Талібану безь якога-небудзь супраціву.
У суботу ў Кабул прыбыла першая група амэрыканскіх вайскоўцаў, якія павінны забясьпечыць эвакуацыю большасці супрацоўнікаў пасольства ЗША, перадае Аўганская служба Радыё Свабода.
Напярэдадні стала вядома, што свае амбасады ў Кабуле закрываюць Нарвэгія, Данія і Гішпанія, а Нямеччына абмяжуе колькасьць дыпляматычнага пэрсаналу да мінімуму. Раней крыніцы каналу CNN паведамлялі, што супрацоўнікі амэрыканскай амбасады, якія пакуль застаюцца ў горадзе, могуць быць пераведзеныя на працу ў комплекс будынкаў аэрапорту Кабулу.
У суботу прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані зьвярнуўся да нацыі з адмысловай заявай. У ёй паведамляецца, што ўлады краіны лічаць перагрупоўку войскаў сваім галоўным прыярытэтам. Зьвяртаючыся да насельніцтва, прэзыдэнт заявіў, што разумее, што жыхары краіны непакояцца за сваю будучыню.
«Як ваш прэзыдэнт я абавязуюся засяродзіцца на прадухіленьні распаўсюджаньня нестабільнасьці і гвалту», — заявіў палітык. Канал Al Jazeera адзначае, што зварот да нацыі трансьляваўся ў запісе, а не ў прамым эфіры.
Генэральны сакратар ААН заявіў аб ваенных злачынствах талібаў
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заклікаў талібаў неадкладна спыніць ваенны гвалт у Аўганістане. Пра гэта інфармуе DW.
Паводле ацэнкі ААН, баевікі радыкальнага ісламісцкага руху Талібан дапускаюць у Аўганістане сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека. Асабліва ад гэтага пакутуюць жанчыны і журналісты, заявіў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш на прэс-канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку, падкрэсьліўшы, што «напады на цывільных асоб зьяўляюцца грубым парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права і раўнасільныя ваенным злачынствам».
Гутэрыш заклікаў Талібан да неадкладнага спыненьня баявых дзеяньняў у Аўганістане. «Захоп улады з дапамогай ваеннага гвалту — шлях, асуджаны на правал», — заявіў ён, перасьцерагаючы, што далейшае наступленьне баевікоў можа прывесьці толькі «да доўгай грамадзянскай вайны або поўнай ізаляцыі Аўганістану». Кіраўнік ААН заклікаў да мірнага ўрэгуляваньня канфлікту і выказаў крайнюю занепакоенасьць сытуацыяй. «Аўганістан выходзіць з-пад кантролю», — канстатаваў Антонію Гутэрыш.
- Сваіх вайскоўцаў з краіны да 31 жніўня маюць намер вывесьці ЗША.
- У красавіку NATO паведаміла пра пачатак вываду з Аўганістану сіл, якія ўдзельнічалі ў місіі «Рашучая падтрымка».
- Апошнія прадстаўнікі ўзброеных сіл Нямеччыны пакінулі Аўганістан у канцы чэрвеня.
- За апошнія месяцы, на фоне вываду войскаў Паўночнаатлянтычнага альянсу, талібы ўзялі пад кантроль большасьць раёнаў краіны.
- Ісламісты захапілі Герат, Кандагар, Газні і суседнюю з Кабулам правінцыю Лаўгар, якая знаходзіцца ад сталіцы прыкладна ў 50 кілямэтрах.