Філёзаф і мэтадоляг, адзін з дэлегатаў плятформы «Сход» Уладзімер Мацкевіч застаецца пад вартай, паведаміў дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
Пакуль Мацкевіч падазраваны па ч. 1 арт. 342. «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак».
14 жніўня пасьля 10 сутак ад затрыманьня, выйшла на волю сацыёляг і каардынатарка Лятучага ўнівэрсытэту Тацяна Вадалаская.
Уладзімер Мацкевіч — філёзаф і мэтадоляг, грамадзкі дзеяч, тэлевядоўца. Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў, першы кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (міжнародная грамадзкая арганізацыя, створаная прадстаўнікамі НДА ў 2007 годзе і зарэгістраваная ў Літве ў 2009 годзе), заснавальнік праграмы стварэньня «Лятучага ўнівэрсытэту».
Чым займаліся ўдзельнікі «Сходу»?
Пераважна абмеркаваньнем разнастайных тэмаў і праблемаў у віртуальным фармаце. На сайце праекту ў вольным доступе выкладзеныя запісы такіх абмеркаваньняў, зробленыя праз плятформу Zoom. Апошні запіс датуецца 27 ліпеня 2021 году, ён прысьвечаны разьвіцьцю самой пляцоўкі і фарматам далейшай працы «Сходу».
Абмяркоўвалі ўдзельнікі ініцыятывы і праблему сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, патрабаваньне вызваліць Віктара Бабарыку, падрыхтоўку да мясцовых выбараў і іншыя пытаньні.
Акрамя непасрэдна ўдзелу ў абмеркаваньні, кожны зарэгістраваны ўдзельнік мае права галасаваць па тым ці іншым пытаньні. Вынікі галасаваньняў таксама дасяжныя ў адкрытым доступе.
У першай палове 11 жніўня сілавікі прыйшлі адразу да некалькіх дзясяткаў зарэгістраваных «дэлегатаў» плятформы «Сход». Ператрус правялі і ў былога ўдзельніка плятформы Ігара Ляшчэні, які да жніўня 2020 быў амбасадарам у Славаччыне. Цяпер ён пад вартай.