Тэлеканал АНТ распаўсюдзіў відэаролік, у якім фігуруюць жыхары Берасьцейшчыны Андрэй Аніскевіч і Ільля Палхоўскі. Гэтых хлопцаў асудзілі ў так званай «карагоднай» справе, даўшы 1,5 і 2 гады абмежаваньня волі адпаведна, інфармуюць берасьцейскія праваабаронцы.
На відэа можна заўважыць, што мужчынам, якія ўжо ляжаць на зямлі, ня менш за 2 разы наносяць удары. У роліку прадстаўнік памежнай службы Леанід Шкілевіч паведамляе, што затрыманых ужо аштрафавалі кожнага на 4060 рублёў «за спробу наўмыснага незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы і парушэньне памежнага рэжыму».
Прадстаўнік аддзелу наглядча-выканаўчай дзейнасьці УУС Берасьцейскай вобласьці паведаміў, што Аніскевіча і Палхоўскага этапуюць да месца адбыцьця пакараньня.
«Карагодную» крымінальную справу распачалі пасьля мірнай акцыі пратэсту 13 верасьня 2020 у Берасьці. Тады людзі вадзілі карагод на скрыжаваньні дарог, пасьля чаго іх разагнаў вадамёт. У рамках гэтай справы на сёньня асудзілі ўжо 69 чалавек, некалькі дзясяткаў яшчэ чакаюць прысудаў.