Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёва возяць зь СІЗА КДБ да лекараў. Ён пачуваецца блага і ня можа спаць


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Паводле адвакаткі, старшыня Партыі БНФ палітвязень Рыгор Кастусёў пачуваецца блага, наракае на здароўе, ня можа спаць уначы.

Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва возяць зь СІЗА КДБ на абсьледаваньне да лекараў. Пра гэта паведаміла «Спутнику» ягоная адвакатка Інэса Аленская.

«Ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, але яго па меры неабходнасьці возяць да мэдыкаў на абсьледаваньне»,— сказала яна.

Паводле яе, Кастусёў пачуваецца блага, наракае на здароўе, ня можа спаць уначы.

З 2 па 14 ліпеня Рыгор Кастусёў ужо праходзіў абсьледаваньне і курс тэрапіі ў турэмным шпіталі СІЗА № 1 Менску. Сюды ён трапіў у экстраным парадку з задышкай, ацёкамі канцавін, праблемамі з сэрцам і ціскам, зблытанай сьвядомасьцю. Такі стан быў зьвязаны са сьпякотай, вільготнасьцю і дрэннай вэнтыляцыяй у камэры.

Раней сям’я выказвала асьцярогу, што вяртаньне ў «невыносныя ўмовы» СІЗА КДБ пагоршыць ягоны стан. Аднак сьледзтва вырашыла зноў пасадзіць зьняволенага за краты.

«Мэдыкамэнты, якія даюць лекары ў СІЗА, бацьку не дапамагаюць, яму становіцца толькі горш, — расказала Кацярына Кастусёва. Паводле апошніх аналізаў, наогул падазрэньне на анказахворваньне. Тэрмінова патрэбна біяпсія, але яго трымаюць у камэры».

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове, пасьля чаго даставілі ў КДБ. Неўзабаве Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне групы, якая плянавала замах на яго і яго дзяцей. У гэтым пераліку таксама фігуравалі палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юрась Зянковіч, іх затрымалі ў Маскве. Пазьней да іх дадаліся экспэрткі Валерыя Касьцюгова і Тацяна Кузіна.

Усім выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG