Мэтавай аўдыторыяй кампаніі былі карыстальнікі зь Індыі, Паўднёвай Амэрыкі і, у меншай ступені, ЗША. У ходзе першага этапу, у лістападзе і сьнежні 2020 году, акаўнты распаўсюджвалі мэмы і камэнтары пра тое, што вакцына брытанска-швэдзкай вытворчасьці AstraZeneca, якая выкарыстоўвае адэнавірусы шымпанзэ, ператварае людзей у малпаў. Такі ж прыём выкарыстоўвалі ў 2020 годзе расейскія дзяржаўныя тэлеканалы.
У траўні 2021 году сетка зьвязаных адзін з адным карыстальнікаў распаўсюджвалі сумневы ў бясьпецы вакцыны амэрыканскай карпарацыі Pfizer. У абодвух выпадках тэксты і пэтыцыі з хлусьлівымі цьверджаньнямі спачатку ствараліся на папулярных сайтах накшталт Reddit або Change.org, а затым «адмываліся» праз сацыяльныя сеткі. На канчатковым этапе іх меліся распаўсюджваць папулярныя блогеры.
Кампанія па дэзынфармацыі пра вакцыны была арганізавана зарэгістраваным у Брытаніі рэклямным агенцтвам Fazze. У траўні Радыё Свабода ў сваім расьсьледаваньні вызначыла, што з агенцтвам можа быць зьвязаная былая супрацоўніца палітычнага дэпартамэнту партыі «Единая Россия».