Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна заснаваньня беларускай Вікіпэдыі


Падзеі 12 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

12 жніўня 2004 году зьявіліся першыя артыкулы ў беларускай вэрсіі Вікіпэдыі. Аднак першы запіс па-беларуску на галоўнай старонцы «вольнай энцыкляпэдыі» зьявіўся яшчэ 27 студзеня 2004 году.

Уладзімер Каткоўскі
Уладзімер Каткоўскі

Адным з заснавальнікаў беларускай Вікіпэдыі стаў вэб-рэдактар Радыё Свабода Ўладзімер Каткоўскі.

Першапачаткова беларускамоўныя артыкулы пісаліся клясычным правапісам. Разьдзел Вікіпэдыі афіцыйным правапісам быў створаны 27 сакавіка 2007 году, калі моўны падкамітэт фундацыі Wikimedia перанёс артыкулы «клясычнай» Вікіпэдыі на новы дамэн (цяпер be-tarask.wikipedia.org). Папярэдні дамэн «Беларускай Вікіпэдыі» be.wikipedia.org аддалі вікіпэдыстам, якія пішуць афіцыйным правапісам.

Таксама ў гэты дзень

1383 — войска крыжакаў, разам зь Вітаўтам, заняло Трокі і атачыла Вільню.

1399 — адбылася бітва на рацэ Ворскле, войскі Залатой Арды разьбілі армію ВКЛ.

1654 — адбылася бітва пад Шкловам, войска ВКЛ на чале зь Янушам Радзівілам перамагло расейскія войскі на чале зь Юрыем Барацінскім і Якавам Чаркаскім.

1851 — Ісак Зінгер атрымаў патэнт на вынаходзтва швейнай машынкі.

1914 — на пачатку Першай усясьветнай вайны Вялікая Брытанія абвясьціла вайну Аўстра-Вугоршчыне.

1952 — у Маскве расстралялі 13 габрэйскіх інтэлектуалаў.

1953 — у СССР правялі першае выпрабаваньне вадароднай бомбы.

1981 — у продаж паступіў першы пэрсанальны кампутар PC.

2000 — Расейская субмарына «Курск» затанула ў Баранцавым моры.

У гэты дзень нарадзіліся

1877 — Тодар (Хведар) Данілюк, рэлігійны і вайсковы дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстаньня, адзін са стваральнікаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ад 1950 г. жыў у ЗША.

1893 — Аляксандар Ружанцоў, беларускі вайсковы дзяяч, пісьменьнік, бібліёграф.

Ад часоў Васіля Цяпінскага і Філона Кміты-Чарнабыльскага нашы літаратары ўмелі трымаць у руках і пяро, і зброю, а ваяры не бяз посьпеху займаліся літаратурнымі штудыямі. На пачатку мінулага стагодзьдзя адзін з прыкладаў гэтага даў Алесь Ружанцоў-Смаленец.

I ягонае месца нараджэньня, і псэўданім яшчэ раз сьведчаць, як далёка на ўсход ад сучасных дзяржаўных межаў Беларусі праходзіла мяжа этнічная.

Выхаванец гістарычна-філялягічнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту й Аляксееўскай вайсковай школы, Алесь Ружанцоў у юнацтве гераічна ваяваў на франтах Першай усясьветнай. Паслужыўшы пасьля 1917 году і ў белых, і ў чырвоных, ён урэшце зрабіў свой выбар на карысьць змаганьня за незалежную Беларусь.

Камандуючы беларускім батальёнам у Літоўскім войску, Ружанцоў-Смаленец здабыў вядомасьць як аўтар нечаканых сваімі тэмамі й вобразамі экспрэсіўных вершаў, якія нараджаліся з жорсткіх рэаліяў ваеннага часу. Адметнасьць ягоных твораў падкрэсьлівалі ўжо назовы: «На форце», «Перад атакай», «Зраньня ў акопах»...

Раптам згасьлі ліхтарні...
Задыміў папяросай,
Моцна лаяўся нехта з матросаў...

На сьнягу чырванела крывавая пляма,
Зачынілась жыцьцёвая брама.

Гэта радкі зь вершу «Расстрэл», прысьвечанага Максіму Гарэцкаму, які, дарэчы, называў вершы Смаленца «моцнымі думкаю й арыгінальнымі формаю».

У 1920-я былы баявы камандзір быў консулам БНР у Коўні, дзе друкаваў у часопісе «Крывіч» артыкулы з гісторыі беларускага войска. У 1944—1945 гадах ён працаваў пад кіраўніцтвам Кастуся Езавітава, беручы ўдзел у спробе стварыць нацыянальныя збройныя сілы. Па вайне Аляксандар Ружанцоў жыў у ЗША, дзе напісаў цiкавыя мэмуары, якія яшчэ чакаюць руплівага выдаўца.

Калі б я стаў укладальнікам зборніку патрыятычных тэкстаў для сучасных беларускіх жаўнераў, абавязкова ўключыў бы туды верш Алеся Смаленца «Перад атакай»:

Ўжо празьвінела трубкі рытурнэль.
Вушмі крануўшы, задрыжэлі коні.
На штандару чырвоны знак Пагоні
Яскрава сьвеціць... Трэснула шрапнэль.

Праменьні сонца заліваюць блоні.
Перад вачмі — як быццам акварэль.
Мацней сьціскаеш шаблю у далоні
І чуеш, як ляціць яшчэ шрапнэль.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с. 272–273.

1896 — Янка Чарапук, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Чыкага.

1930 — Джордж Сорас, амэрыканскі фінансіст і грамадзкі дзеяч вугорскага паходжаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG