Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША Янка Запруднік: «Пражыў 95 гадоў так, як хацелася»


Янка Запруднік, 2016
Янка Запруднік, 2016

Янка Запруднік — гісторык, публіцыст, палітоляг, адзін з самых вядомых і актыўных дзеячоў беларускай дыяспары ў ЗША. Ён належыць да паваеннай хвалі беларускай эміграцыі, дзякуючы якой амэрыканцы сталі ведаць пра Беларусь.

З нагоды 95-годзьдзя мы пагаварылі зь юбілярам — вэтэранам Радыё Свабода.

— Спадар Янка, як адчувае сябе чалавек у дзевяноста пяць?

— У дзевяноста пяць чалавек сябе адчувае добра, калі ён на працягу мінулых гадоў займаўся гімнастыкай, практыкаваўся фізычна. Пэўныя мінусы дзевяностапяцігадовага веку ў тым, што памяць робіцца каротшай, часамі забываесься тое, пра што хочаш падумаць ці сказаць, пра што ў цябе пытаюцца. Але наагул у дзевяноста пяць я адчуваюся вельмі добра, лагодна, таму што ў мяне сямейнае жыцьцё наладжанае дзякуючы шчасьцю... Так што наагул могуць быць нейкія клопаты, але пры добрым фізычным здароўі клопаты перамагаюцца добра, і глядзіш сьмела ў будучыню. Бо сьведамасьць такая, што пражыў дзевяноста пяць так, як хацелася.

— Вы як прафэсійны журналіст працягваеце сачыць за навінамі...

— Так, я праводжу шмат часу каля кампутара — «Белсат», Радыё Свабода, «Наша Ніва» і ўсё іншае...

— Прайшоў год пасьля выбараў. Як вы ўспрымалі і ўспрымаеце ўсё тое, што за гэты час адбылося ў Беларусі?

— У нас з жонкай вялікая трывога за Беларусь. Сочым падзеі, выказваем сваю ўстрывожанасьць у гутарках зь сябрамі і знаёмымі і жывём спадзяваньнем. Усе пакуты нашых людзей у Беларусі за іх дбаньне пра будучыню краіны — яны ў нашым жыцьці ў цэнтры ўвагі.

— Што б вы сказалі сёньня ўсім беларусам, якія будуць вас чытаць — у краіне і за яе межамі?

— Жыць далей клопатам пра Беларусь, пра будучыню, працаваць над гэтым і верыць у тое, што іхныя намаганьні, іхныя пакуты і трывога, любоў да краіны ня пройдуць марна. Тым, хто апынуўся за межамі Беларусі — верыць, што ў іх будзе магчымасьць вярнуцца дамоў і працаваць далей на карысьць нашага народу і нашай краіны.

* * *

Сёлета юбілей Янкі Запрудніка ўрачыста адсьвяткавала беларуская грамада ў Саўт-Рывэры. На сьвята сабраліся розныя пакаленьні беларускай эміграцыі ЗША.


Чым вядомы Янка Запруднік

  • 1940-я: жыцьцё ў савецкай Беларусі, вучоба, Саюз беларускай моладзі, раптоўны ад’езд у Нямеччыну, беларускія лягеры ўцекачоў у Рэгенсбургу і Міхельсдорфе, гімназія імя Янкі Купалы, скаўцкі рух, урэшце выезд на шахты ў Вялікую Брытанію.
  • 1950-я: пераезд у Бэльгію, на стыпэндыю Лювэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту. Вучоба, беларускія канцэрты ў Вэстмінстэрскім абацтве, царкоўныя хоры, студэнцкія зьвязы, беларускі часопіс, Парыж.
  • Беларуская сэкцыя радыёстанцыі «Вызваленьне» ў Мюнхэне (ад 1964 — Радыё Свабода) — тут Запруднік адпрацаваў ад 1954 да 1991 году.
  • У 1957-м пераехаў у ЗША, дзе працягваў працу ў Нью-Ёрку на той жа радыёстанцыі. У 1969-м у Нью-Ёрскім унівэрсытэце абараніў дысэртацыю і атрымаў ступень доктара гістарычных навук. Выкладаў гісторыю Расеі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёрскага гарадзкога ўнівэрсытэту (1970–1975), гісторыю і сучасную палітыку Беларусі ў Калюмбійскім унівэрсытэце (1994).
  • Аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў па гісторыі Беларусі. Сярод іх кнігі «Беларускія фэстывалі й выстаўкі. Палітычная інфармацыя мовай мастацтва (1948–2011)» — пра беларускія фэстывалі ў Амэрыцы, якія рэгулярна праводзяцца, «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Лісты 1952–1959 гг.», «Кантакты», заснаваная на лістах, што пісалі беларусы з мэтраполіі Янку Запрудніку, «Берагу майго зарніцы».
  • Сябра Рады БНР.

На пытаньне «Што далей у плянах?» Запруднік адказвае:

«Мне адзін блізкі супрацоўнік казаў, што будзе грэх, калі я не напішу ўспаміны. Ня ведаю, грэх гэта ці не. Але мой доктар, якога я рэгулярна наведваю, паабяцаў: „Я цябе датрымаю да 110 гадоў“. Так што я маю яшчэ 20 гадоў, паводле прадказаньняў майго доктара».

— Адкуль я бяру крыніцу энэргіі? — адказваў ён на пытаньне Свабоды. — Я па натуры аптыміст, а аптымізм вельмі дапамагае. Але перш-наперш я атрымаў ад бацькоў вельмі моцныя гены. Я ў маладым веку яшчэ студэнтам кінуў курыць, ніколі не злоўжываў алькаголем. Фізычныя практыкаваньні, рух. Здаровае харчаваньне. Раней любіў каўбасу і мяса, цяпер стараюся есьці карысную ежу: больш садавіны, гародніны, рыбы.

І яшчэ я заўсёды імкнуўся да здабыцьця ведаў. Мяне не задавальняла заканчэньне ўнівэрсытэту ў Бэльгіі, я хацеў абараніць доктарскую дысэртацыю. Хоць я і пайшоў працаваць на Радыё «Вызваленьне», але мне ўвесь час карцела зрабіць дактарат. Нам у Лювэнскім унівэрсытэце прапанавалі рабіць прафэсарскую кар’еру, але я яе мусіў адхіліць у бок, таму што прапанова заняцца журналістыкай была вельмі спакусьлівая. І была пэўная палітычная дысцыпліна. Старшыня Рады БНР Абрамчык кажа: «Хлопцы, вы скончылі ўнівэрсытэт (а ўнівэрсытэт нам быў забясьпечаны ў вялікай ступені ягонымі намаганьнямі), у нас пачынаюцца радыёперадачы, гэта вельмі актуальна, вельмі патрэбна». І мы падпарадкаваліся. Паехалі на працу, я трапіў у Мюнхэн. Але ўсё роўна мне хацелася дактарат зрабіць, і я яго зрабіў у Нью-Ёрку, ужо маючы сям’ю, працуючы на радыё.

І вось гэтая прага да ведаў — яна мяне заўсёды падштурхоўвала, сэрца было нахіленае да Беларусі. Таму я займаўся грамадзкай працай, дзе выкарыстоўваў усе свае адукацыйныя здабыткі. І вось у гэтай камбінацыі — у жаданьні быць карысным у сваёй нацыянальнай справе, у імкненьні здабываць веды, атрымліваць адукацыю, адначасна займаючыся гімнастыкай, фізычнымі практыкаваньнямі — формула доўгажыхарства, якая ў маім выпадку спрацавала. Галава, розум таксама, як і цела, мускулы, павінны займацца гімнастыкай. Мускул захоўвае працаздольнасьць ад заняткаў, але і розум — гэта орган, які пастаянна павінен быць ва ўжытку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG