Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя МЗС Іраку прыбыла ў Менск дзеля перамоў наконт міграцыйнага крызісу


Група мігрантаў, якія незаконна перайшлі дзяржаўную мяжу Літвы
Група мігрантаў, якія незаконна перайшлі дзяржаўную мяжу Літвы

На 10 жніўня прызначаны эвакуацыйны рэйс у Багдад зь Менску.

У Менску знаходзіцца дэлегацыя ірацкіх дыпляматаў, якая прыбыла для ўрэгуляваньня міграцыйнага крызісу, паведаміў прэс-сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Іраку Ахмад Аль-Сахаф.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб палягчэньні працэдуры вяртаньня на радзіму суайчыньнікаў, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Яшчэ адна мэта дэлегацыі — высьветліць акалічнасьці сьмерці мігранта з Іраку, пра якую паведамілі ўлады Беларусі, у прысутнасьці яго сваякоў.

6 жніўня ўжо праходзіла сустрэча ірацкіх дыпляматаў з прадстаўнікамі беларускага МЗС, які пра візыт калегаў нічога не паведаміў.

5 жніўня, пасьля таго як Літва вырашыла не затрымліваць, а адразу вяртаць нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Беларусі, Аляксандар Лукашэнка даручыў сілавым структурам узмацніць работу па ахове мяжы і прадухіленьні фактаў яе парушэньня. Неўзабаве пасьля гэтага Дзяржаўны памежны камітэт заявіў пра ўзмацненьне кантролю мяжы, у сацыяльных сетках зьявіліся відэазапісы, як беларускія сілавікі не прапускаюць мігрантаў, большасьць якіх складаюць іракцы, на тэрыторыю краіны.

7 жніўня Ірак адмяніў усе авіярэйсы ў Беларусь на няпэўны тэрмін. Дазволена толькі рабіць вывазныя рэйсы — без пасажыраў на борце пры вылеце з Іраку. За гэтае рашэньне Багдаду падзякаваў міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс.

Акрамя таго, авіякампанія Iraqi Airways 10 жніўня правядзе эвакуацыйны рэйс для іракцаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Тыя, хто захоча вярнуцца ў Ірак, могуць наведаць менскі офіс авіякампаніі. Пра гэта паведаміла амбасада Іраку ў суседняй Расеі. 5 жніўня МЗС Іраку заклікаў сваіх грамадзянаў «не рабіцца мішэньню для гандлю людзьмі».

Раней улады Літвы неаднаразова абвінавачвалі афіцыйны Менск у спрыяньні наплыву мігрантаў на тэрыторыю Эўразьвязу. Сярод прадстаўленых доказаў было і відэа, на якім зафіксавалі аўтамабіль беларускіх памежнікаў, які суправаджаў групу мігрантаў да мяжы зь Літвой дзеля яе незаконнага перасячэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG