У артыкуле на сайце амэрыканскага тэлеканалу CNN зьмешчаныя здымкі і відэа зь месца разьмяшчэньня лягеру.
На тэрыторыі і вакол усё пуста, піша CNN, калі не лічыць выпадковых чэкістаў глыбока ў лесе аўтарытарнай Беларусі.
Такія прыкметы магчымага лягеру для палітычных дысыдэнтаў, нядаўна пабудаванага прыкладна за гадзіну язды ад сталіцы Беларусі Менску, недалёка ад паселішча Наваколасава Стаўпецкага раёну. Ён разьмешчаны на тэрыторыі савецкага ракетнага сховішча, якое займае больш за 80 гектараў. Незразумела, якая частка аб’екту была адрамантаваная.
Актывісты беларускай апазыцыі, нагадвае CNN, цягам часу выказвалі асьцярогі, што аўтарытарны рэжым можа зьвярнуцца да практыкі зьмяшчэньня затрыманых у лягеры, калі звычайныя турмы перапоўняцца.
Таксама расьце заклапочанасьць уладаў наконт магчымай новай хвалі рэпрэсіяў і арыштаў у адказ на дэманстрацыі, прысьвечаныя гадавіне спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, якія выклікалі леташні рух пратэсту. Іншыя страхі ўладаў могуць быць зьвязаныя з канстытуцыйным рэфэрэндумам, заплянаваным на канец гэтага году або на пачатак 2022-га, піша CNN.
Франак Вячорка, старшы дарадца лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай, прагледзеў зьняты CNN матэрыял і сказаў у інтэрвію каналу:
«Ня дзіва, што [Аляксандар Лукашэнка] спрабуе пабудаваць нешта накшталт звычайнага лягеру для зьняволеных, бо можа грымнуць новая хваля пратэстаў. Яна можа быць справакаваная яго заявамі, можа быць справакаваная эканамічнай сытуацыяй, але яна прыйдзе. Ён гэта разумее і ён таксама хоча быць гатовы больш, чым летась».
У жніўні 2020 году некаторыя ўдзельнікі пратэстаў, нагадвае CNN, паведамлялі, што паліцыя трымала іх некалькі дзён у лягеры для зьняволеных, часова пабудаваным на базе лячэбна-працоўнага прафілякторыю.
У кастрычніку група актывістаў былых сілавікоў ByPol апублікавала запіс падзеі нібыта з удзелам цяперашняга намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова (тады начальніка ГУБАЗіК), дзе той сказаў, што лягеры павінны быць пабудаваныя для асабліва «востракапытных». У запісе Карпянкоў казаў, што лягер можа быць пабудаваны на базе існай калёніі ў горадзе Івацэвічы. Улады Беларусі абверглі сапраўднасьць запісу і назвалі яго фэйкам.
CNN не ўдалося атрымаць доступ да ўнутраных памяшканьняў установы каля Наваколасава, няма прыкметаў таго, што ў лягеры ўжо разьмяшчаліся зьняволеныя. Прадстаўнік заходняй выведкі сказаў CNN, што выкарыстаньне аб’екту ў якасьці лягеру для інтэрнаваных «магчымае», хоць у іх не было прамых доказаў на гэты конт.
Жыхары Наваколасава называюць аб’ект «лягерам». Адзін жыхар, якому нядаўна вайсковая ахова загадала пакінуць гэты раён, калі ён падышоў да месца, расказаў:
«Мой сябар Саша, будаўнік, сказаў мне, што яны адрамантавалі гэтае месца. Тут тры ўзроўні калючага дроту, ён электрыфікаваны. Я зьбіраў грыбы, калі да мяне падышоў вайсковец і сказаў, што я не магу тут хадзіць».
Двое іншых сьведак таксама назіралі вайсковыя патрулі.
Інфармацыя пра лягер зьявілася пасьля некалькіх тыдняў рэпрэсіяў супраць апошніх незалежных СМІ ў Беларусі і пасьля падвышанай увагі міжнароднай супольнасьці да крызісу ўнутры аўтарытарнай краіны, піша CNN.
Урад Беларусі не адказаў на запыт CNN пра камэнтар да гэтага артыкула.
6 жніўня канал АНТ назваў сюжэт CNN фэйкам і расказаў, што за агароджай знаходзіцца вайсковы арсэнал.