Злучаныя Штаты будуць уважліва сачыць за расьсьледаваньнем прычыны сьмерці беларускага апазыцыйнага актывіста Віталя Шышова, заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.
«Мы самым рашучым чынам асуджаем жорсткія транснацыянальныя рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай супольнасьці з боку рэжыму Лукашэнкі», — цытуе «Голас Амэрыкі» Прайса, які гэтым чынам адказваў на просьбу журналіста пракамэнтаваць абвінавачаньні ў датычнасьці да сьмерці Шышова беларускіх спэцслужбаў, якія ўжо выставілі прадстаўнікі апазыцыі Беларусі.
«Спадар Шышоў вымушаны быў жыць за межамі сваёй краіны праз рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі... супраць журналістаў, грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі, спартоўцаў і простых грамадзян», — сказаў Прайс.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту нагадаў, што толькі за апошнія тыдні міжнародная супольнасьць бачыла «трывожныя інцыдэнты», зьвязаныя зь дзеяньнямі афіцыйнага Менску, уключаючы прымусовую пасадку лайнэра Ryanair і скандал зь беларускай алімпійскай спартоўкай, якая папрасіла дапамогі ў Польшчы.
«Цяпер, калі дайшло да сьмерці спадара Шышова, мы працягнем уважліва сачыць за расьсьледаваньнем, хоць па камэнтары мы адсылаем вас да ўкраінскіх уладаў», — дадаў Прайс.
- Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году разам зь дзяўчынай. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
- Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларускі дом ва Ўкраіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
- Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
- Былы міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць перадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
- Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
- Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён ня раз заўважаў за сабой сачэньне.
- Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
- Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая таксама паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.