Як паведамляе Delfi, Генэральная пракуратура прасіла для яго дзевяць гадоў пазбаўленьня волі.
Віленскі прадпрымальнік Дзеймантас Бяртаўскас, які прызнаў сваю віну і даў паказаньні, вызвалены ад крымінальнай адказнасьці.
Палецкіса і яшчэ некалькі чалавек затрымалі ўвосень 2018 году. Паводле Генэральнай пракуратуры Літвы, у пэрыяд зь лютага 2017 году да кастрычніка 2018-га абвінавачаныя дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы з супрацоўнікам расейскай выведкі і іншымі грамадзянамі РФ, адзін зь якіх прызнаны вінаватым у справе аб падзеях 13 студзеня 1991 году ў Літве. Падазраваныя за грашовае ўзнагароджаньне, як мяркуецца, зьбіралі інфармацыю, якая цікавіла расейскую выведку.
Палецкіс — былы дыплямат і дэпутат Сэйму Літвы. Унук першага старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Літоўскай ССР Юстаса Палецкіса. Сваю віну ён адмаўляў, заяўляючы, што яго перасьледуюць з палітычных матываў. У 2012 годзе яго асудзілі па крымінальнай справе аб «прыніжэньні значнасьці агрэсіі СССР супраць Літоўскай Рэспублікі» — у сувязі зь ягонымі выказваньнямі пра падзеі студзеня 1991 году ў Вільні. Тады яго аштрафавалі на суму каля 3 тысяч эўра.
Як нагадвае «Настоящее время», у чэрвені 2021 году Сэйм Латвіі дазволіў пракуратуры арыштаваць дэпутата ад партыі «Згода» Яніса Адамсанса па падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Расеі.
Служба дзяржаўнай бясьпекі прадставіла дакумэнты аб 43 эпізодах шпіянажу. Паводле вэрсіі сьледзтва, палітык апошнія чатыры гады перадаваў Расеі інфармацыю пра бюджэт арміі, закупкі і ўсходнюю мяжу. Палітык сваю віну адмаўляе. Паводле ягоных слоў, «за ім няма ніякіх грахоў», а адзінымі эпізодамі перадачы інфармацыі былі ягоныя інтэрвію. У рамках ягонай крымінальнай справы ў Латвіі таксама затрымалі грамадзяніна Расеі.