У інтэрвію расейскай газэце «Известия» Шпакоўскі расказаў, што ў шэрагу пытаньняў адзінства ў сяброў камісіі не было: пад неафіцыйна апублікаваным варыянтам з заўвагамі і прапановамі падпісаліся 26 чалавек з 36.
«Выказаныя асобныя думкi, яны таксама будуць даложаныя кіраўніку дзяржавы. Гэтыя меркаваньні тычацца канцэптуальных пытаньняў — паўнамоцтваў прэзыдэнта, усебеларускага народнага сходу, вызначэньня мэтаў нашай краіны, наяўнасьці сьмяротнага пакараньня», — адзначыў Шпакоўскі, дадаўшы, што найшырэйшую дыскусію выклікаюць прапановы наконт паўнамоцтваў прэзыдэнта.
«З аднаго боку, ёсьць разуменьне, што трэба крыху разгрузіць інстытут прэзыдэнцкай улады. Неабходна стварыць мэханізмы кіраванага транзыту, каб Рэспубліка Беларусь не паглыбілася ў бездань палітычнага крызісу, як гэта здараецца на постсавецкай прасторы. Разам з тым нельга празьмерна аслабляць інстытут прэзыдэнцтва, існую вэртыкаль», — перакананы ён.
Шпакоўскі таксама выказаў сумнеў у неабходнасьці надзяляць Усебеларускі народны сход правам даваць заключэньне аб «легітымнасьці выбараў» і назваў рудымэнтам нэўтралітэт Беларусі, пазначаны ў дзейнай Канстытуцыі.
Да абмеркаваньня дапаўненьняў і заўвагаў у нормы Асноўнага закону не запрошаны ніводзін апанэнт рэжыму.
У якасьці альтэрнатывы дэмакратычныя сілы далі старт ініцыятыве «Народная Канстытуцыя».