Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Тунісу абвясьціў аб прыпыненьні працы парлямэнту на 30 дзён


Каіс Саід
Каіс Саід

Туніскі лідэр Каіс Саід адправіў у адстаўку прэм’ера Машышы і пазбавіў імунітэту дэпутатаў парлямэнту. Сьпікер парлямэнту ў адказ заявіў пра «пераварот» і заклікаў жыхароў Тунісу да пратэстаў.

Пра гэта інфармуе агенцтва Reuters.

Туніскі лідэр заявіў у нядзелю, 25 ліпеня, што з дэпутатаў аднапалатнага парлямэнту зьняты імунітэт, і прыгразіў ў выпадку супраціву залучыць узброеныя сілы.

Заяву прэзыдэнт зрабіў пасьля тэрміновай нарады ў прэзыдэнцкім палацы ў Картагене з прадстаўнікамі службаў бясьпекі і вайскоўцамі.

Прэзыдэнт Саід удакладніў, што сам зоймецца справамі ўраду пры спрыяньні новага кіраўніка Кабінэту міністраў.

Вайскоўцы заблякавалі будынкі парлямэнту і дзяржаўнай тэлевізіі.

Шмат у якіх гарадах краіны, у тым ліку і ў сталіцы — горадзе Тунісе, сёньня ідуць масавыя маніфэстацыі ў падтрымку рашэньня прэзыдэнта.

Старшыня парлямэнту, лідэр кіроўнай партыі «Ан-Нагда» («Адраджэньне») Рашыд Ганушы расцаніў дзеяньні прэзыдэнта як «пераварот, накіраваны супраць рэвалюцыі і канстытуцыі».

Ганушы раніцай 26 ліпеня прыбыў у парлямэнт, дзе заявіў, што склікае сэсію насуперак рашэньню прэзыдэнта, але вайскоўцы не пусьцілі яго ў будынак парлямэнту.

Каля будынку парлямэнту адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі прэзыдэнта і парлямэнцкай большасьці.

Прэзыдэнт Саід перасьцярог ад сілавой рэакцыі на яго рашэньне: «Хто стрэліць куляй, таму войска адкажа куляй», — патлумачыў ён.

Reuters адзначае, што цяперашні палітычны крызіс — найвастрэйшы з 2011 году, калі ў Тунісе адбылася антыаўтарытарная рэвалюцыя, зь якой пачалася «арабская вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG