Яны патрабавалі спыніць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і адначасова зьвярнуць увагу ўкраінскага грамадзтва на ўзмацненьне ціску ды рэпрэсій супраць беларускага грамадзянскага сэктару і незалежных СМІ.
Сымбалем гэтай акцыі праваабаронцы выбралі гусь, бо, на іхную думку, гагатаньне гэтай птушкі нагадвае назву гораду Гаага, дзе знаходзіцца Міжнародны крымінальны суд. Актывісты ўпэўненыя, што супрацьпраўныя дзеяньні цяперашняга рэжыму Лукашэнкі абавязкова стануць прадметам ягонага разгляду.
Удзельнікі акцыі паўтарылі свае патрабаваньні, якія яны раней накіравалі прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму, кіраўніку Офісу прэзыдэнта Андрэю Ермаку, сьпікеру парлямэнту Дзьмітрыю Разумкову, сакратару Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксею Данілаву і міністру замежных спраў Дзьмітру Кулебу.
У прыватнасьці, праваабаронцы патрабуюць спыніць дыпляматычныя дачыненьні з «прадстаўнікамі нелегітымнага і антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі, публічна падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі, забараніць эканамічную супрацу зь беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, увесьці жорсткія санкцыі супраць усіх функцыянэраў рэжыму Лукашэнкі і афіляваных зь ім бізнэс-структураў».
Удзельнікі акцыі таксама патрабавалі спыніць супрацу зь сілавымі органамі і структурамі бясьпекі Беларусі, на падставе запытаў якіх Украіна выдае беларускіх грамадзян. На радзіме ім пагражае крымінальны перасьлед ды рэпрэсіі.
Паводле праваабаронцаў, з пачатку 2021 году Украіна выдала Беларусі 16 грамадзян.