Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША заканадаўцы заклікалі перанесьці візыт Зяленскага


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Група заканадаўцаў ЗША, якая складаецца з прадстаўнікоў Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый, заклікала Адміністрацыю прэзыдэнта Джо Байдэна зьмяніць дату візыту ў Вашынгтон прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага.

У пасланьні кіраўніка Белага дому чатыры сустаршыні Украінскага сходу Кангрэсу просяць даць парлямэнту магчымасьць сустрэцца зь Зяленскім, бо яго прыезд 30 жніўня прыпадае на пэрыяд, калі заканадаўцы будуць знаходзіцца на летніх вакацыях.

Як адзначаюць у лісьце да Джо Байдэна яго аўтары, у іх склалася адчуваньне, што прэзыдэнцкая адміністрацыя спрабуе перашкодзіць Кангрэсу беспасярэдне пагутарыць з Уладзімірам Зяленскім.

Празаходнія папярэднікі Зяленскага на пасадзе прэзыдэнта Ўкраіны — Віктар Юшчанка і Пятро Парашэнка — абодва мелі магчымасьць выступіць перад сябрамі Кангрэсу падчас іх першага афіцыйнага візыту ў Злучаныя Штаты.

Дэталі прыезду цяперашняга ўкраінскага лідэра адміністрацыя Байдэна анансавала 21 ліпеня — у той жа дзень, калі было абвешчана аб дасягненьні дамовы паміж ЗША і Нямеччынай аб завяршэньні будаўніцтва ў Эўропе ў абыход Украіны расейскага газаправоду «Паўночны паток – 2». Кангрэс актыўна выступае супраць гэтага праекта, адзначаючы, што ён пазбавіць Украіну вельмі важных для яе даходаў ад транзыту газу, а таксама ставіць пад пагрозу яе нацыянальную бясьпеку.

Першы афіцыйны візыт Уладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон адбудзецца больш чым праз за два гады пасьля яго ўступленьня на пасаду кіраўніка дзяржавы ў траўні 2019 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG