Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд прызначыў працэс аб ліквідацыі БАЖ на 11 жніўня


Апячатаныя дзьверы БАЖ, архіўнае фота
Апячатаныя дзьверы БАЖ, архіўнае фота

Міністэрства юстыцыі падало пазоў у Вярхоўны суд аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Раней ведамства вынесла БАЖу пісьмовае папярэджаньне.

Як паведамляе БАЖ, Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь завёў грамадзянскую справу паводле пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб'яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Папярэдняе судовае паседжаньне прызначана на 11.00 11 жніўня ў будынку Вярхоўнага суду (г. Менск, вул. Арлоўская, 76, 1 падʼезд).

Кіраўніцтва БАЖ заявіла, што катэгарычна ня згоднае з агучанымі прэтэнзіямі і аспрэчыць папярэджаньне ў судовым парадку. У папярэджаньні, сярод іншага, гаворыцца, што кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў не дало на праверку неабходныя дакумэнты, з чаго паўсталі пытаньні адносна дзейнасьці арганізацыі.

У адказ БАЖ нагадвае, што 14 ліпеня менскі офіс быў разгромлены і апячатаны супрацоўнікамі МУС — паўторна ў гэтым годзе. У кіраўніцтва няма доступу да статутных дакумэнтаў, пячаткі і дамоваў арэнды, згаданых у папярэджаньні. Нават невядома, якія рэчы вывезеныя. 15 ліпеня асацыяцыя атрымала ад Міністэрства юстыцыі копію загаду аб вынясеньні пісьмовага папярэджаньня. Падставай для яго Мін'юст назваў тое, што рэгіянальныя аддзяленьні БАЖ у Гомлі і Маладэчне нібыта ажыцьцяўляюць дзейнасьць безь юрыдычных адрасоў, хоць гэта ня так, сьцьвярджаюць у БАЖ. Непрадстаўленьне ўсіх запытаных дакумэнтаў і адсутнасьць юрыдычных адрасоў рэгіянальных філіялаў Міністэрства юстыцыі палічыла парушэньнем заканадаўства і Статуту БАЖ.

Першы ператрус у офісе БАЖ прайшоў 16 лютага. Пасьля гэтага прадстаўнікоў арганізацыі некалькі разоў выклікалі ў Сьледчы камітэт для допытаў, офіс быў апячатаны цягам месяца.

21 чэрвеня стала вядома, што дзейнасьць БАЖ і іншых НДА правярае Міністэрства юстыцыі. У кароткія тэрміны Беларуская асацыяцыя журналістаў падала ў Мін'юст вялікі пералік запытаных дакумэнтаў, за выключэньнем матэрыялаў, канфіскаваных з офіса БАЖ яшчэ падчас вобшуку, праведзенага сілавікамі 16 лютага.

У сукупнасьці ўсе гэтыя падзеі можна расцэньваць як мэтанакіраваны рэпрэсіўны перасьлед і стварэньне ўмоваў, якія перашкаджаюць дзейнасьці, гаворыцца ў заяве Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG