Турэмны тэрмін за жнівеньскія пратэсты
21 ліпеня суд Маскоўскага раёну Менска вынес прысуд 31-гадоваму Сяргею Пацукевічу. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Справу вяла судзьдзя Вольга Малашанка, паведамлян «Вясна».
Менчука абвінавацілі за падзеі 9-10 жніўня ў Менску, падчас якіх ён «кінуў ня менш аднаго каменя ў бок транспарту МУС», знаходзіўся ў месцы, дзе будаваліся барыкады, перакрываў рух, выкрыкваў лёзунгі.
Сярод доказаў — тэлефонныя гутаркі, падчас якіх Сяргей Пацукевіч расказвае, што бачыў і дзе быў 9-10 жніўня, відэа зь месца падзеяў і пратаколы агляду.
Абвінавачаны не прызнаў сваю віну ў поўнай меры.
«Справа ня ў тым, што я лічу сябе невінаватым ці прашу прабачэньня за тое, чаго я не зьдзясьняў. Я прашу міласэрнасьці, спачуваньня — да чалавека. Я баюся за сваю маці, пра якую не змагу клапаціцца. Хачу жыць сумленна і ладзіць сваё жыцьцё як прыстойны грамадзянін. Веру, што вашае рашэньне будзе справядлівым. Таксама хацеў бы выбачыцца перад роднымі за нязручнасці, якія я ім стварыў», — сказаў на працэсе Сяргей Пацукевіч.
Увесь час ён быў прыкаваны адной рукой да міліцыянта, які быў разам зь ім за кратамі.
Аднак Вольга Малашанка не праявіла міласэрнасьці і асудзіла мужчыну на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, судзьдзя пакінула за пракуратурай права падаць асобны грамадзянскі пазоў пазоў ад імя «Менсктранса» больш чым на 6 тысяч рублёў.