Паводле адваката палітыка, на якога спасылаецца «Наша ніва», падабаронны адчувае сябе кепска. Ня так даўно яго перавялі ў турэмны шпіталь у СІЗА № 1 Менску, бо ўзьніклі праблемы з сэрцам.
У працэсе абсьледаваньня высьветлілася, што ў Рыгора Кастусёва падазрэньне на анкалёгію, якую цягам 2012-2016 гадоў цывільным мэдыкам удалося прыпыніць. Аднак са шпіталя яго зноў вярнулі ў СІЗА КДБ.
Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове. Разам з палітолягам Аляксандрам Фядутам і юрыстам Юрасём Зянковічам яго вінавацяць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
Аляксандар Лукашэнка неўзабаве пасьля затрыманьня згаданых асобаў заявіў, што рыхтаваўся збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
Справа «аб дзяржперавароце» працягнутая да кастрычніка.