Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца пад вартай, падазраюць онказахворваньне


Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота
Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота

У СІЗА № 1 завершылася мэдыцынскае абсьледаваньне 64-гадовага лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца пад вартай, паведаміла БелаПАН дачка зьняволенага Кацярына Кастусёва.

Паводле яе, стан здароўя бацькі пагоршыўся, вынікі тэстаў паказваюць на анкалягічнае захворваньне. Сям’я і ён сам асьцерагаюцца, што вяртаньне ў СІЗА КДБ пагоршыць стан яго здароўя.

«13 ліпеня абаронца наведала бацьку. Праз адваката бацька перадаў інфармацыю для грамадзкасьці. Яго стан здароўя пагоршыўся, прыйшоў вынік аналізу на ПСА (тэст на вызначэньне ўзроўню анкамаркера раку ў крыві. — БелаПАН.). У Рыгора Андрэевіча паказчык ПСА вышэйшы за норму ў два разы — 8 адзінак пры норме 4», — паведаміла Кастусёва.

«Бацька скардзіцца на пагаршэньне стану здароўя, прасіў праз адваката дапамогі для шпіталізацыі ў профільную ўстанову аховы здароўя. Асьцерагаецца, што ў яго разьвіваецца пухліна, тым больш што ў 2012–2016 гады ён ужо назіраўся ў мэдыкаў з гэтай жа нагоды. Тады хваробу ўдалося прыпыніць», — сказала дачка.

Са спасылкай на лекара палітык перадаў, што абсьледаваньне, якое прадугледжвае пратакол рэспубліканскага шпіталя для асуджаных, праведзена, і яго гатовыя выпісаць у найбліжэйшыя дні. Як заявіла ягоная дачка, у гэтым выпадку Кастусёў можа зноў вярнуцца ў невыносныя ўмовы «амэрыканкі», як неафіцыйна называюць СІЗА КДБ.

Адвакатка зьвязвалася са сьледчым і прасіла прыняць усе меры для таго, каб Кастусёў атрымаў якаснае мэдыцынскае абслугоўваньне.

2 ліпеня палітык быў экстрана шпіталізаваны ў бальнічную камэру СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Туды ён трапіў з праблемамі з сэрцам, ціскам, ацёкамі канцавін, дыхавіцай, зблытанай сьвядомасьцю з камэры СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваўся з іншымі зьняволенымі ва ўмовах сьпёкі, вільготнасьці і дрэннага доступу сьвежага паветра. Паводле Кастусёва, 17 начэй ён вымушаны быў спаць на падлозе, пад «шконкай» іншага затрыманага, бо для яго не знайшлося спальнага месца.

Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове (Магілёўская вобласьць) і даставілі ў КДБ.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG