Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне выявіла сусьветнае сачэньне за журналістамі і актывістамі


Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак

Праграма Pegasus ізраільскай кампаніі NSO Group выкарыстоўвалася для ўзлому смартфонаў, якія належаць журналістам, актывістам і кіраўнікам кампаній па ўсім сьвеце. Пра гэта пішуць Washington Post, Guardian і іншыя выданьні ў сумесным расьсьледаваньні.

Арганізацыя Forbidden Stories атрымала і пачала вывучаць адзін са сьпісаў тэлефонаў, якія праслухоўвалі — у ім зьмяшчаюцца 50 тысяч нумароў, уведзеных дзясяткам кліентаў ізраільскай кампаніі ў сыстэму Pegasus. У ходзе расьсьледаваньня журналісты ідэнтыфікавалі уладальнікаў 1 тысячы нумароў, якія жывуць больш чым у 50 краінах. У прыватнасьці, у сьпісе знайшлі нумары больш як тысячы францускіх грамадзян. Праслухоўваньне французаў вялося з Мэксікі, Індыі, Марока і Вугоршчыны, вынікае з расьсьледаваньня.

Pegasus можа ўзломваць мабільныя тэлефоны па спасылцы і таемна запісваць электронныя лісты, званкі і тэкставыя паведамленьні. У некаторых выпадках шпіёнскае праграмнае забесьпячэньне можа актывавацца, нават калі ахвяра не націскае на спасылку. Праграма пасьпяхова выкарыстоўвалася для ўзлому смартфонаў як жонкі, так і нявесты забітага саудаўскага аглядальніка Джамаля Хашагджы.

У сьпісе узламаных прылад ёсьць нумары супрацоўнікаў CNN, Associated Press, Voice of America, New York Times, Wall Street Journal, Bloomberg News, Le Monde у Францыі, Financial Times і нават Al Jazeera ў Катары. У сьпісе знайшлі нумары 65 бізнэсоўцаў, 85 праваабаронцаў і больш за 600 палітыкаў.

У Вугоршчыне былі ўзламаныя тэлефоны двух журналістаў расьсьледвальнага выданьня Direkt36, піша The Guardian. У сьпісах патэнцыйных цэляў таксама былі згаданыя тэлефоны іншых журналістаў, а таксама юрыстаў і неназванага апазыцыйнага палітыка. У Азэрбайджане ў ліку магчымых аб’ектаў сачэньня называюцца 48 журналістаў, многія зь якіх крытыкавалі карупцыю і рэпрэсіі ў краіне.

NSO Group, якая ліцэнзуе праграму Pegasus для барацьбы са злачыннасьцю, заявіла, што працуе з захаваньнем этычных нормаў, і назвала расьсьледаваньне беспадстаўным. Там заявілі, што «працягнуць расьсьледаваньне ўсіх дакладных заяў аб неправамерным выкарыстаньні праграмы і распачнуць адпаведныя дзеяньні».

Некамэрцыйная журналісцкая арганізацыя НВА Forbidden Stories была створаная ў лістападзе 2017 году францускім журналістам, кінадакумэнталістам і сцэнарыстам Ляранам Рышарам. Арганізацыя займаецца пытаньнямі абароны свабоды слова, дапамагае перасьледаваным журналістам, а таксама працягвае расьсьледаваньні, якія вялі журналісты, што апынуліся ў зьняволеньні або якіх забілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG