Менск ва ўмовах новых выклікаў, у першую чаргу зьвязаных «з гібрыднай вайной», знойдзе новыя магчымасьці, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Яго цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА. На думку Макея, можна будзе абаперціся на некалькі краін:
«Я маю на ўвазе перш за ўсё нашых стратэгічных партнэраў, Расею, Кітай ды іншыя краіны, а таксама існыя напрацоўкі на традыцыйных рынках, ужо падрыхтаваныя і распрацаваныя стратэгіі і пляны па нарошчваньні нашай прысутнасьці і асваеньні новых рынкаў і нішаў», — растлумачыў Макей.
Міністар 19 ліпеня бярэ ўдзел у сэмінары для кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі.
«Вядзецца фінансава-эканамічная вайна, разьвязаная Захадам у дачыненьні Беларусі, якая патрабуе ня толькі апэратыўных, але і прадуманых шматплянавых адказаў на пэрспэктыву», — падкрэсьліў Макей.
Ён прызнаў, што базавыя ўмовы мінулага году зьяўляюцца нізкімі, але сёлета ўраду нібыта ўдалося забясьпечыць істотны рост экспарту. Ён прывёў дадзеныя, згодна зь якімі за пяць месяцаў 2021 году беларускі экспарт тавараў і паслуг склаў больш як $18 млрд і павялічыўся амаль на 33% да аналягічнага пэрыяду летась.
Разам з тым ён заклікаў кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў не самазаспакойвацца. Макей папрасіў іх «прыкласьці максымум намаганьняў дзеля таго, каб забясьпечыць устойлівае і спакойнае разьвіцьцё нашай дзяржавы па ўсіх кірунках».
3 чэрвеня ЗША аднавілі санкцыі ў дачыненьні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. У канцы чэрвеня Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі адносна Беларусі, яны тычацца, у прыватнасьці, імпарту калійных угнаеньняў, нафтапрадуктаў, доступу да фінансавых рынкаў і іншых сфэраў.