«Я абскардзіў рашэньне дысцыплінарнай камісіі, — паведаміў Дзьмітры Лаеўскі ў сваім тэлеграм-канале, дзе таксама разьмясьціў тэкст скаргі. — Кожны можа пераканацца, што гэтае рашэньне надуманае, а падставы для пазбаўленьня мяне права ажыцьцяўляць адвакацкую дзейнасьць адсутнічалі. Усё рэалізавана з мэтай ліквідаваць мяне з абароны Віктара Бабарыкі, а таксама Максіма Знака, суд над якім хутка пачнецца».
6 ліпеня суд пакараў Віктара Бабарыку 14 гадамі пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэксу).
Дзьмітры Лаеўскі на працэсе даказваў, што абвінавачаньні беспадстаўныя і маюць выразны палітычны кантэкст. Сьледам рада Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў пачала дысцыплінарную справу ў дачыненьні да свайго калегі.
«У судовых спрэчках у абарону Віктара Бабарыкі я абгрунтаваў адсутнасьць прыкметаў злачынства ў дзеяньнях абвінавачаных і заявіў аб неабходнасьці іх апраўданьня. Пра гэта ж гаварыў у сваіх паказаньнях мой падабаронны, чыю пазыцыю як абаронца я падтрымліваў і адстойваў. Рабіў гэта добрасумленна і прынцыпова. За што ўрэшце і паплаціўся», — канстатаваў Дзьмітры Лаеўскі.