Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», пасьля 72 гадзін затрыманьня выйшла на волю праваабаронца Яўгенія Бабаева. Яе затрымалі 14 ліпеня ў межах крымінальнай справы. Бабаева застаецца падазраванай па справе і будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Таксама на волю выйшаў палітзьняволены Сяргей Мацкевіч (Цэнтар Супольнасьць). Ён быў затрыманы 14 ліпеня таксама ў межах крымінальнай справы.
️Пасьля 15 гадзіны стала вядома, што на волю выйшлі праваабаронца і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда і праваабаронца Алена Лапцёнак.
Ранкам стала вядома, што на волю выйшаў і старшыня суполкі Беларускага свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах, якога затрымалі ў Полацку.
Жонка праваабаронцы Валянціна Стэфановіча сёньня паведаміла, што яго пасьля 72-гадзіннага затрыманьня не адпусьцілі і, як сказаў ёй сьледчы, «сёньня-заўтра» перавядуць у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, піша «Вясна».
Пасьля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя грамадзкія дзеячы і актывісты, якія рашэньнем праваабарончай супольнасьці прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Агулам новых палітвязьняў 12 чалавек:
- Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны»
- Уладзімір Лабковіч, юрыст «Вясны»
- Валянцін Стэфановіч, сябра рады «Вясны»
- Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
- Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны» (на волі)
- Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны» (на волі)
- Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны»
- Марына Статкевіч, былая сябра «Вясны»
- Яўгенія Бабаева, праваабаронца (на волі)
- Ніна Лабковіч, дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band
- Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюзу з Полацку (на волі)
- Сяргей Мацкевіч, цэнтар «Супольнасьць» (на волі)
Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што перасьлед грамадзянскай супольнасьці Беларусі ад жніўня 2020 году і да сёньня набыў беспрэцэдэнтны маштаб. Такіх масавых рэпрэсій Беларусь ня бачыла ад моманту здабыцьця незалежнасьці.
На дзень падпісаньня заявы ў Беларусі прызнаныя палітвязьнямі больш за паўтысячы чалавек, прынамсі 1500 знаходзяцца ў турмах і яшчэ тысячы — пад сьледзтвам з палітычна матываванымі абвінавачваньнямі.
Цягам апошняга году амаль 40 000 чалавек былі незаконна затрыманыя і пацярпелі ад катаваньняў.