Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвяшчэньне прысуду журналісту «Першага рэгіёну» перанесьлі, працэс аднавілі, аўтазак зьехаў парожнім


Сяргей Гардзіевіч падчас судовага працэсу
Сяргей Гардзіевіч падчас судовага працэсу

19 ліпеня суд Іванаўскага раёну зьбіраўся агучыць прысуд драгічынскаму журналісту інтэрнэт-выданьня «Першы рэгіён» Сяргею Гардзіевічу. Аднак без тлумачэньня прычынаў абвяшчэньне перанесьлі з панядзелка на пятніцу.

Журналіста абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі і паклёпе на яго, а таксама ў абразе двух мясцовых міліцыянтаў у чаце тэлеграм-каналу «Реальный Дрогичин». Пракурор патрабуе 1,5 года зьняволеньня для журналіста.

«Судовае пасяджэньне сёньня было прызначана на 10 гадзін. Я прыехаў гатовым да абвяшчэньня прысуду. Пракурор бо хадайнічаў узяць мяне пад арышт пасьля абвяшчэньня прысуду. Прыехалі нават журналісты БТ з камэрамі. Але праседзелі паўтары гадзіны, а потым паступіў званок карэспандэнту БТ, пасьля чаго журналісты ўсталі і выйшлі. Бачыў у акно, што і машына канвойных прыехала. Затым прыйшоў судзьдзя і заявіў, што аднаўляе судовы працэс. Чаму, я пакуль не разумею», – расказаў Сяргей Гардзіевіч выданьню «Першы рэгіён».

Вырак перанесьлі на 23 ліпеня.

Бок абвінавачаньня лічыць, што Сяргей Гардзіевіч мусіць выплаціць пацярпелым, старшаму апэрупаўнаважанаму групы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Драгічынскага РАУС Юрыю Чарнышкаву і начальніку аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі Віталю Ківелю, кампэнсацыю.

Раней адзін зь міліцыянтаў заявіў, што спагнаную зь Сяргея Гардзіевіча матэрыяльную кампэнсацыю ён зьбіраецца перавесьці на рахунак дзіцячага дому.

Сам абвінавачваны сваёй віны не прызнае і ў ходзе сьледзтва адмовіўся ад дачы паказаньняў.

«Падчас сьледзтва я ўбачыў прэзумпцыю вінаватасьці ў адносінах да мяне. І не даваў ніякіх паказаньняў, карыстаючыся сваім канстытуцыйным правам», — растлумачыў на адным з пасяджэньняў Сяргей Гардзіевіч.

Сяргея Гардзіевіча затрымалі 22 сьнежня мінулага году супрацоўнікі АМАП па дарозе з Драгічына ў Берасьце. У ягонай кватэры прайшоў ператрус, а гаспадара затрымалі на 72 гадзіны на падставе пачатай крымінальнай справы паводле арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).

Гаворка ішла нібыта пра рэпост паведамленьня ў адной з драгічынскіх групаў у Viber, да якой меў дачыненьне Сяргей Гардзіевіч. На працягу некалькіх месяцаў ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, але ад пачатку траўня яму зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG