Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактара сайта «Першы рэгіён» Супрунюка пакаралі штрафам за публікацыю фота ў кашулі з арнамэнтам


Алег Супрунюк заўзее за гандбольную зборную Беларусі, 2016 год
Алег Супрунюк заўзее за гандбольную зборную Беларусі, 2016 год

Журналіста вінавацяць у «распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Першае судовае паседжаньне адбылося 7 ліпеня, тады ж Алега Супрунюка адпусьцілі дадому. 8 ліпеня суд яго аштрафаваў на 20 базавых велічынь, 580 рублёў, паведаміла прэсавая сакратарка МУС.

Паводле «Першага рэгіёну», 6 ліпеня каля 22:20 журналіста забралі супрацоўнікі міліцыі. Пазьней стала вядома, што ён знаходзіцца ў Ленінскім РАУС Берасьця і затрыманы «за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).

Маецца на ўвазе публікацыя навіны пра тое, што жыхара Баранавічаў, інваліда Ўладзімера Гундара, уключылі ў сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці. Пазьней мужчыну асудзілі за «гвалт альбо пагрозу ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак».

У публікацыі пра затрыманьне Гундара выкарыстана яго фота ў кашулі з арнамэнтам. Сілавікі ўгледзелі ў ім свастыку. 24 чэрвеня ў Ганцавічах прайшоў працэс па заяве 6-га аддзелу ГУБАЗіК Берасьцейскай вобласьці аб прызнаньні сымбаля левабаковай свастыкі экстрэмісцкім, а таксама аб прызнаньні такім матэрыялу на інфармацыйным рэсурсе. Рашэньне яшчэ не набыло моц.

Алег Супрунюк — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, некаторы час узначальваў яе аддзяленьне ў Берасьці.

Працаваў у газэце «Брестский курьер» і іншых выданьнях. Цяпер — рэдактар навін сайту «Першы рэгіён».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG