На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў «Праскім акцэнце» адказваюць палітолягі Ігар Тышкевіч і Тацяна Чуліцкая.
Тышкевіч
- Аўдыторыяй мясцовых СМІ, якія трапілі пад удар раней, былі ня толькі «ядро пратэсту», але і «балота».
- Ва ўлады мэты: ляялістаў падтрымаць, апанэнтаў заткнуць у іх рэзэрвацыі, а «балота» пераканаць, што альтэрнатыва горшая за існую ўладу.
- І спрабуюць адсекчы любую камунікацыю паміж «ядром пратэсту» і «абыякавымі».
- Калі паглядзець мапы самых буйных пратэстаў летась у рэгіёнах — яны супадаюць з мапай, дзе быў незалежны папяровы мясцовы друк.
- Цяпер Tut.by i НН выціскаюць у Тэлеграм. Паглядзіце сярэднюю і мэдыянную аўдыторыю Тэлеграму — гэта 500–600 тысячаў.
- Гэта рэзэрвацыя пратэставых настрояў.
- Рэпрэсіі не вырашаюць праблему глябальна, але яны даюць дзесьці паўгода, калі ўлада будзе дамінаваць у інфармацыйнай прасторы.
- У найбліжэйшы час Лукашэнка прадставіць свой праект Канстытуцыі з наступным рэфэрэндумам па ёй.
- Яму важна зачысьціць грамадзкую прастору ад усіх суб’ектаў, якія могуць альбо выступіць са сваімі прапановамі ў легальным полі, альбо сэнсоўна скрытыкаваць праект.
- Дзеля гэтага і грамяць грамадзкія арганізацыі.
- Палітычны крызіс у Беларусі пачаўся значна раней за 2020 год, бо зьмянілася грамадзтва і зьмяніўся бізнэс.
- У нас крызіс пачаўся ў 2018 годзе.
- У «мірны» час старое і новае маглі б суіснаваць.
- У актыўнай фазе ва ўзаемаадносінах з Захадам ніводзін з бакоў ня можа адступіць. Краіны ЭЗ ня могуць вярнуцца да Realpolitik, іх не зразумеюць іх выбарнікі і іх мэдыя.
- Яны будуць узмацняць санкцыйны ціск незалежна ад таго, што будзе адбывацца ў Беларусі.
- Аўтарытарная сыстэма так збудаваная, што ня можа дазволіць сабе слабіну, «Акела» ня можа «прамахнуцца».
- І пакуль не адбудзецца нейкай значнай, вялікай падзеі, кшталту электаральнай кампаніі, зьменаў у гэтай лёгіцы ня будзе.
- Пасьля рэфэрэндуму аб Канстытуцыі ўлады могуць пачаць таргавацца з ЭЗ, што ім будзе за тое, што яны кагосьці вызваляць.
- Цяпер абодва бакі ідуць шляхам эскаляцыі.
- Мэдыйнае поле фізычна немагчыма зачысьціць.
- І адносна СМІ, і адносна грамадзянскай супольнасьці я катэгарычна нязгодны з тэзай пра выпаленую зямлю.
- Прадзяржаўныя «недзяржаўныя» арганізацыі альбо доўга не жывуць, альбо на іх ідзе вельмі шмат грошай, а эфэкт вельмі нізкі.
- Што яны могуць зрабіць — дык гэта нагнаць страху.
- Прычына крызісу — у тым, што грамадзтва стала складаным, прыйшло ў супярэчнасьць з архаічнай сыстэмай улады.
- І гэтая складанасьць занадта вялікая, каб удалося спрасьціць грамадзтва.
- «Ядро пратэсту» — гэта мільён чалавек. Немагчыма ў Беларусі зачысьціць мільён чалавек.
Чуліцкая
- Мы памятаем заяву Макея, што калі санкцыі будуць узмацняцца, улада зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць.
- Я б разглядала гэта як помсту Захаду за палітыку санкцыяў, непрызнаньня Лукашэнкі, падтрымкі Ціханоўскай і іншых палітычных субʼектаў.
- Нават тая грамадзянская супольнасьць, якая заўсёды казала, што яна па-за палітыкай, выбудоўвае дэмакратычную культуру, культуру ўдзелу.
- І гэта ўладай разглядаецца як рэч шкодная.
- Удзельнікі гэтых арганізацыяў прызвычайваюцца да таго, што ад іх нешта залежыць.
- Летась у камандах і Бабарыкі, і Ціханоўскай мы бачылі шмат людзей, якія былі задзейнічаныя, скажам, у культурных ці ўрбаністычных ініцыятывах.
- Зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці — гэта зьнішчэньне культуры ўдзелу.
- Ціск ніколі ня быў моцным бокам Эўразьвязу, Эўразьвяз заўсёды імкнуўся выкарыстоўваць «мяккую сілу».
- На прыкладзе Беларусі ЭЗ спрабуе паказаць сябе як гульца, які можа гуляць па высокіх стаўках.
- Захад, можа, цяпер з большым задавальненьнем змагаўся б з Расеяй.
- Але выпадак Беларусі — гэта будзе прыклад, калі ЭЗ паспрабуе згуляць «па-буйному», паглядзець, што атрымаецца з палітыкі жорсткіх санкцыяў.
- Некаму нарэшце давядзецца адступаць, але я ня ўпэўненая, што першым адступіць Захад.
- Рэпрэсіі — гэта даволі дарагі занятак. Невядома, колькі часу будзе хапаць на іх рэсурсаў.
- У Беларусі заўсёды быў ціск на грамадзянскую супольнасьць, былі пэрыяды, калі ён быў больш моцны, былі — калі менш моцны.
- І для Пуціна, і для Лукашэнкі грамадзкія арганізацыі, неяк зьвязаныя з Захадам — яны па вызначэньні шкодныя.
- Калі глядзець на спробы стварыць ляяльную грамадзянскую супольнасьць, то варта паглядзець, колькі ўлады ўжо выдаткавалі на БРСМ, Саюз жанчын, «Белую Русь».
- Ці можам мы лічыць гэтыя праекты пасьпяховымі?
- А наконт пэрспэктываў грамадзянскай супольнасьці — не сьпяшайцеся нас хаваць.
- Я не магу не згадаць сваіх зьняволеных калегаў Тацяну Кузіну і Валерыю Касьцюгову.
- Грамадзянскую супольнасьць цалкам ня зьнішчаць.
Што было раней
- Раніцай 14 ліпеня сілавікі прыйшлі зь ператрусам да праваабаронцаў і ў іншыя няўрадавыя арганізацыі. Вядома пра затрыманьне больш як дзясятка чалавек.
- Агулам ператрусы праходзілі як мінімум у 19 арганізацыях.
- Кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага затрымалі ў рамках крымінальнай справы.
- «Вясна» адказала на ператрусы і затрыманьні: «Мы ня спынім сваёй праваабарончай дзейнасьці».
- Учора падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ворагі яго ўлады «перайшлі да індывідуальнага тэрору», маючы на ўвазе распаўсюджаныя дзяржаўнымі СМІ гісторыі пра напады на тэлевядоўцу Рыгора Азаронка і на дом палітыка Алега Гайдукевіча.
- «Мы вельмі актыўна цяпер пачалі працу па ўсіх гэтых НКА, НДА, так званых заходніх СМІ, якія тут дэмакратыю нам дарылі, — а фактычна накідалі — і не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор», — сказаў Лукашэнка.
- «Мы ня можам інакш, таму што гэтыя мярзотныя паўтары тысячы НКА — аж паўтары тысячы, аказваецца, розных там фондаў, яны фінансаваліся звонку, а мы ўсё думаем: ну добра, дэмакратыя, давайце будзем гаварыць, давайце будзем супрацоўнічаць, ну вось і атрымалі адпаведны вынік», — заявіў ён.