Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу супраць старшыні АГП Мікалая Казлова накіравалі ў суд


Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Лідэра АГП Мікалая Казлова абвінавачваюць у выдаваньні зьвестак папярэдняга сьледзтва (арт. 407 Крымінальнага кодэксу), паведамляе БелаПАН са спасылкай на заяву службы інфармацыі пракуратуры Менскай вобласьці, апублікаваную на афіцыйнай старонцы ведамства.

«Устаноўлена, што абвінавачаны ў сьнежні 2020 году і студзені 2021 году дапытваўся ў якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, пачатай Генпракуратурай у дачыненьні да Ціханоўскай С.Г. і іншых асобаў па факце зьдзяйсьненьня наўмысных дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні.

У пракуратуры адзначылі, што сьледчы папярэджваў Казлова аб недапушчальнасьці выдаваньня зьвестак папярэдняга сьледзтва і надыходзе за гэта крымінальнай адказнасьці.

«Аднак абвінавачаны паведаміў прадстаўнікам СМІ і іншым грамадзянам пра сутнасьць яго допытаў аб абставінах крымінальнай справы, а таксама перадаў іншыя зьвесткі, якія не належыць выдаваць», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Таксама адзначаецца, што ў пракуратуры Менскай вобласьці прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасьці абвінавачаньня і аб’ектыўным дасьледаваньні абставінаў злачынства, а таксама правільнасьці кваліфікацыі, зробленай па арт. 407 КК.

Санкцыя па гэтым артыкуле — штраф ці арышт, аднак іх ніжнія і верхняя межы не ўдакладнены.

Раней выбраную да абвінавачанага меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах пракурор пакінуў бязь зьменаў.

Мікалай Казлоў у інтэрвію Свабодзе з гэтай нагоды заявіў: «Справа абсалютна надуманая і палітычна матываваная, зыходжу з таго, што я невінаваты».

30 сьнежня, 5 і 11 студзеня Казлова дапытвалі ў Сьледчым камітэце ў якасьці сьведкі ў межах крымінальнай справы па факце стварэньня Каардынацыйнай рады для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу. Тройчы ён адмаўляўся даваць падпіску пра неразгалашэньне. На Казлова складалі адміністрацыйныя пратаколы, прызначалі арышт на 15 сутак, выклікалі на размовы ў міліцыю. Пасьля адной зь іх Казлоў правёў трое сутак у ЦІП.

10 сакавіка стала вядома, што ў дачыненьні да лідэра АГП распачалі справу на падставе ч. 1 арт. 407 КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG