Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыні АГП Казлову выставілі абвінавачаньні ў выдаваньні зьвестак пра сьледзтва


Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову прад’явілі афіцыйнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе аб «выдаваньні зьвестак папярэдняга расьсьледаваньня». Яго дзеяньні кваліфікуюцца паводле ч. 1 ст. 407 Крымінальнага кодэксу. Пакараньнем у гэтым артыкуле зьяўляецца штраф або арышт.

Пэўна, адной з падставаў для завядзеньня крымінальнай справы на Казлова стала ягоная адмова ў сьнежні даваць падпіску аб невыдаваньні пасьля допыту ў Сьледчым камітэце ў «справе Каардынацыйнай рады», у якой Казлоў праходзіць сьведкам.

Палітык сказаў Свабодзе, што разабрацца ў справе, заведзенай на яго, ня так і проста:

«Там так усё намяшана, што цяжка нешта вылучыць».

Разам з тым старшыня АГП ня мае ніякіх сумневаў наконт таго, што гэта палітычна матываваная справа. Крымінальны перасьлед супраць сябе, а дакладней, падставы для яго, палітык лічыць цалкам прыдуманымі. Ён расказаў, што мае адваката, аднак будзе бараніцца і самастойна, «зыходзячы з таго, што невінаваты».

Пасьля сфальшаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году Мікалай Казлоў ужо затрымліваўся і адбываў адміністрацыйны арышт. Умовы ўтрыманьня ў ізалятары і стаўленьне адміністрацыі турмы да вязьняў пры Лукашэнку палітык параўнаў з пэрыядам фашызму.

Палітычная рада АГП патрабавала ад судзьдзяў і сілавікоў спыніць перасьлед беларусаў за выказваньне сваіх думак і грамадзянскую пазыцыю. Шэраг сяброў партыі прайшлі праз арышты і крымінальны перасьлед у 2020 і 2021 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG