Стан затрыманага ў Беларусі 20-гадовага расейца Ягора Дуднікава пагоршыўся. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Дождь» паведаміла ягоная маці Юлія Дуднікава.
«Умовы надворʼя плюс наступствы пабіцьця пры затрыманьні вельмі нэгатыўна адбіліся на ягоным здароўі. Там і нязводны галаўны боль, і разьбіты зуб, які ўвесь час баліць, і панічныя атакі», — апавяла яна.
Паводле Дудзінскай, доступ да ейнага сына мае толькі адвакат. Сама Дуднікава не атрымала адказу на просьбу пабачыцца зь Ягорам. Таксама без адказу засталася ейная заява ў Сьледчы камітэт пра перавод сына пад хатні арышт.
Дуднікава дадала з слоў адваката, што расейскае пасольства ўдзельнічае ў справе Ягора і «робіць усё, што можа». Маці расейца таксама зьвярнулася ў МЗС Расеі, да старшыні Дзярждумы Вячаслава Валодзіна і пісала на жывую лінію з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
20-гадовы грамадзянін Расеі Ягор Дуднікаў застаецца за кратамі ад 5 траўня. У той дзень яго зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, а неўзабаве пачалі супраць расейца крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за агучваньне відэаролікаў і аўдыёпаведамленьняў у тэлеграм-канале «ОГСБ». Ягор празь ліст з СІЗА расказаў пра катаваньні і біцьцё, якія ўжываліся да яго пасьля затрыманьня. 31 траўня хлопца перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі выкрылі «сьпячыя» тэрарыстычныя групоўкі, «так званыя атрады самаабароны». Каардынатарамі ён назваў краіны — Літву, Польшчу, ЗША, Украіну і Нямеччыну. Згадаў тэлеграм-рэсурс «Атрады самаабароны Беларусі». І сказаў, што «асноўны мадэратар гэтага дзейства — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Дуднікаў», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.